«Би-2» выклалі відэа 25-гадовай даўніны з свайго беларускага пэрыяду (відэа)
2758 / 0
05.03.2015

«Би-2» выклалі відэа 25-гадовай даўніны з свайго беларускага пэрыяду (відэа)

Рэдкае відэа было зьнята на дні народзінаў гурта Ы.Ы.Ы. на чале з Васілём Шугалеем.

Гэты запіс называюць самым раньнім відэа гурта «Би-2» з тых, якія захаваліся. Яно зьнята ў Менску 24 лістапада 1990 году. Бабруйскіх музыкаў запрасіў лідэр Ы.Ы.Ы. Васіль Шугалей, які заўважыў іх на фэстывалі «Тры колеры». Ігар Бортнік (Лёва Бі-2) падчас гэтага выступа сьпяяў шэраг песень, якія ўвойдуць у так і нявыдадзены альбом «Изменники родины»: «Бэсси», «Цветы», «Я — Ленин» і ўласна «Изменники родины». Праз год сузаснавальнік каманды Шура з роднай Беларусі пераедзе на сталае месца жыхарства ў Ізраіль, за ім выправіцца і Лёва.

«Некаторыя з сыграных на гэтым канцэрце песень мы ніколі больш не выконвалі і не запісвалі. Так сталася, што мы зь Лёвам ехалі на канцэрт з адной часткі гораду, а трэці наш удзельнік — Рыжуля — зь іншай. І зь ім здарыўся трагічны выпадак — ён пасьлізнуўся на першым сьнезе ды ўпаў на гітару, зламаўшы яе. Прынес толькі рэшткі. Уратаваў Кірыл Кальян, які і пазычыў Лёву гітару. А я граў на той час на басе», — згадаў акалічнасьці выступу 25-гадовай даўніны Аляксандар Уман (Шура Бі-2).

17-хвіліннае відэа з выступу на дні народзінаў Ы.Ы.Ы. зьмешчаны на афіцыйным youtube-канале гурта «Би-2».

Tuzin.fm, фота з сайту bdva.ru