На акцыі «Салідарныя зь Беларусьсю — 2015» выступяць «Воплі Відаплясава», Shuma і Dzieciuki
3223 / 0
04.09.2015

На акцыі «Салідарныя зь Беларусьсю — 2015» выступяць «Воплі Відаплясава», Shuma і Dzieciuki

Традыцыйны канцэрт у Варшаве пройдзе сёлета перад Палацам навукі і культуры 2 кастрычніка.

Акцыя «Салідарныя зь Беларусьсю» праводзіцца штогод увесну, але сёлета яе вырашылі зладзіць увосень. Фэлікс Тушка, старшыня ініцыятывы «Вольная Беларусь», якая ладзіць мерапрыемства тлумачыць, што перанос зьвязаны з правядзеньнем прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі: «Нам важна, каб канцэрт адбыўся перад самымі выбарамі. Мы памятаем, што адбылося ў 2010 годзе, калі большасьць канкурэнтаў Лукашэнкі трапілі ў турму. Лічам, што гэты канцэрт будзе магчымасьцю для жыхароў і гасьцей Варшавы выказаць сваю падтрымку дэмакратычным пераўтварэньням у Беларусі».

Канцэрт звычайна ладзіўся ў Кракаўскім прадмесьце, а сёлета пройдзе ля Палацу культуры і навукі. Заяўлены выступ гуртоў Dzieciuki, Shuma, а таксама праект Пятра Клюева «Амплітуда сьмеласьці». Акром беларускіх выканаўцаў у ім возьме ўдзел украінскі гурт «Воплі Відаплясава», а таксама польскія выканаўцы Аня Русовіч, Enej і Hańba!

Акром канцэртаў у межах акцыі пройдзе шэраг суправаджальных мерапрыемстваў — выставы, пэрформансы, паказы фільмаў. Сярод іншага заплянаваная прэм’ера стужкі пра гурт «Крамбамбуля» — «Свабоду не стрымаць».

Зь Менску ў Варшаву на канцэрт будзе арганізаваны аўтобусны тур зь бясплатнымі візамі. Падаць заяўку можна па спасылцы.

«Салідарныя зь Беларусьсю» ладзіцца з 2006 году. Летась хэдлайнэрам акцыі стаў гурт «Ляпіс Трубяцкі», гэта быў адзін з апошніх выступаў каманды ў яе гісторыі.

Tuzin.fm, фота Аляксея Нарко