
Праект KropkaBY запусьціў відэаблог пра беларускамоўную музыку (відэа)
Выйшла першае відэа з цыклю «Слухай сваё! Знаёмства зь беларускамоўнай музыкай».
Ідэя належыць праекту KropkaBY і Віталю Хомічу, дызайнэру зь Менску, які і ёсьць вядучым відэаблогу. «Каб пачаць размаўляць па-беларуску варта шмат ня толькі чытаць і практыкавацца, але і слухаць музыку. Памятаю, зь якой цяжкасьцю сам шукаў для сябе новыя беларускамоўныя гурты. Каб палегчыць пошук музыкі і быў зроблены гэты праект», — патлумачыў Tuzin.fm Віталь. У сваім першым відэа ён распавядае пра гурты Green Pills, Re1ikt, «Людзі на балоце», ZnaRock, Sp Kava, Siver, Паліну Рэспубліку.
Мяркуецца, што відэаблог «Слухай сваё» будзе выходзіць раз на два тыдні. Пасьля прэм’еры першага роліку ад гледачоў зьявілася шмат прапановаў і парадаў, якія аўтар абяцае ўлічыць у далейшай працы. Сачыць за навінамі праекту можна ў афіцыйнай суполцы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ