
Re1ikt пакрысе раскрывае карты (аўдыё)
Напярэдадні выхаду новага альбому пад назвай «Лекавыя травы» менскі фольк-гурт Re1ikt прэзэнтуе дзьве кампазыцыі, створаныя па матывах народных песень ды твораў Якуба Коласа.
Выкарыстаньне рэдкіх народных духавых і пэркусійных інструмэнтаў даўно стала адметнай рысай музыкі Re1ikt. Гэтым разам для стварэньня атмасфэрных эфэктаў гурт упершыню выкарыстаў банджа і тын-уістл. Акурат тын-уістл — брытанская бляшаная дудачка — гучыць у кампазыцыі «Хадзіла галота…». Песьня створана як аўтарская перапрацоўка беларускай народнай песьні зь Лельчыцкага раёну.
«Твор „Балотныя агні“ напісаны паводле апавяданьня Якуба Коласа, у якім стары вяз кпіў з маладой бярозкі. Гэтая песьня — падтрымка такім „бярозкам“: ня трэба адмаўляцца ад сваіх мараў, нават калі ўсе навокал іх не разумеюць. Самыя сьмелыя мары зьдзяйсьняюцца, калі сапраўды ў іх верыш», — распавядае лідэр і бубнач Re1ikt Алесь Дземідзенка.
Рэліз чацьвертай студыйнай працы пад назвай «Лекавыя травы» заплянаваны на кастрычнік. Жывая прэзэнтацыя пройдзе ў клюбе Re:Public 7 сьнежня.
Апошні канцэрт выключна старых песень перад выхадам новага альбому адбудзецца 25 кастрычніка ў TNT Rock Club.
tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ