2507 / 1
28.04.2014

Дэпутат Дзярждумы просіць пракуратуру РФ забараніць «Ляпіс Трубяцкі» (відэа)

Аўтар звароту на імя генэральнага пракурора Расеі лічыць, што беларускаму гурту трэба забараніць выступаць на тэрыторыі гэтай краіны, а таксама просіць «пакараць па ўсёй суворасьці закону» яе лідэра за нецэнзурную лаянку.

Абурэньне дэпутата ад партыі ЛДПР Рамана Худзякова выклікае пазыцыя Міхалка адносна Ўкраіны агулам і яго паводзіны падчас аднаго з канцэртаў у прыватнасьці. Газэта «Известия» перадае, што беларускі музыка, які падтрымлівае «нелегітымныя ўлады Ўкраіны», дазволіў сабе на канцэрце ў Іжэўску назваць расейцаў «імпэрскімі імбэцыламі» ды скарыстаў яшчэ шэраг зьнявагаў.

Расейскі дэпутат з гэтай нагоды просіць пакараць музыку за нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы. Худзякоў лічыць, што «Ляпісу Трубяцкому» наогул трэба забараніць уезд у Расею. «Гэта недапушчальная выхадка дагэтуль не атрымала належнай прававой ацэнкі. Таксама сьпявак неаднойчы заяўляў пра сваю падтрымку майдану (у тэксьце менавіта з малой літары — заўвага ТГ). Варта адзначыць, што грамадзянін Беларусі Міхалок С. У. на дадзены момант пражывае ў горадзе Масква, дзе хаваецца ад пракурорскай праверкі, што праводзіць у яго дачыненьні беларуская Генэральная пракуратура», — вядзецца ў звароце да генэральнага пракурора Расеі. Да гэтага, яшчэ адзін расейскі дэпутат Віталь Мілонаў з заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбургу прапаноўваў прыблізна тое самае — забараніць гурту «Ляпіс Трубяцкі» ўезд на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі.

Худзякоў мае састарэлую і няслушную інфармацыю — пракурорская праверка ў дачыненьні да Міхалка ў Беларусі спынена яшчэ ў 2012 годзе і ў яго дзеяньнях ня знойдзена «грамадзка небясьпечнага дзеяньня», лідэр «Ляпісаў» жыве ў Менску разам зь сям’ёй і выяжджае ў Расею дзеля канцэртаў. А што да зьнявагаў, то відэа, дзе музыка называе аднаго з гледачоў «расейскім імбэцылам», было зьнятае на фэстывалі расейскай музыкі ў нямецкім горадзе Вупэрталі 12 красавіка. У сувязі з гэтым расейскім прэс-аташэ каманды Аляксандар Бергер рабіў заяву праз акаўнт «Ляпісаў» у Facebook: «Ад імя гурту „Ляпіс Трубяцкі“ хачу папрасіць прабачэньня ў імбэцылаў, а таксама родных і блізкіх людзей, што жывць з гэтай цяжкаю хваробаю. Мы не хацелі іх пакрыўдзіць. А вось перад носьбітамі імпэрскага мысьленьня нам выбачацца няма за што. Калі вы хочаце, каб паважалі вашу краіну, то навучыцеся паважаць спачатку саміх сябе».

Тым часам, «Ляпіс Трубяцкі» даў 25 красавіка сольны канцэрт у клюбе Stadium Live ў Маскве, які стаў рэкордным па наведвальнасьці цягам туру «Матрёшка». Выступ беларусаў сабраў блізу 9000 гледачоў.

Tuzin.fm

Відэа, за якое расейскі дэпутат просіць пакараць Міхалка

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    28.04.2014 / 16:07

    Дадаўся камэнтар Сяргея Міхалка з нагоды "выпадку ў Іжэўску"
    https://www.youtube.com/watch?v=kHkYluLbYEI

  • КАМЕНТАВАЦЬ