Хаменка ідзе ў артысты размоўнага жанру
Лідэр гурта «Палац» заклапочаны тым, што ў Беларусі не стае артыстаў размоўнага жанру. Таму паспрабуе сябе ў гэтай ролі ў новым праекце «Сустрэчы дарэчы», які падаецца як «размоўна-музычнае шоў».
Задача ў Хаменкі амбітная — закласьці асновы сапраўднага беларускага гумарыстычнага інтэлектуальнага шоў, якое адбываецца тут і цяпер, ужывую. «Ідэя такога праекту зьвязана зь недахопам канцертаў і выступаў беларускіх артыстаў размоўнага жанру, — тлумачыць Алег. — Хацелася б узгадаць імправізацыйныя адчуваньні пры размове, якіх зусім не стае ў будзённым жыцьці». Да праекту «Сустрэчы дарэчы» далучыліся таксама вядомыя блогеры ды дасьведчаныя тэлевізійнікі Алесь Круглякоў ды Ўладзімер Максімкаў, колішні генпрадусар БТ.
«Публічная сяброўская размова — вельмі складаны фармат. Аднак я спадзяюся на вялікі вопыт маіх паплечнікаў і добразычлівы настрой публікі. Канечне, я буду яшчэ і сьпяваць, але паспрабую гэта рабіць так, як гэта адбываецца ва ўтульных кампаніях сяброў», — заўважыў Хаменка ў камэнтары Tuzin.fm.
«Сустрэчы дарэчы» адбудзецца 18 лістапада ў рок-бары «Крылы», што ў будынку ДК МТЗ. Узяць удзел у імпрэзе можа кожны ахвочы ў якасьці слухача, а то і актыўнага ўдзельніка.
Tuzin.fm.
КАМЕНТАВАЦЬ