«Дзеўкі — гэта і Радзіма, і чужына, і шавурма». Выйшаў альбом Сяргея Балахонава (аўдыё)
3316 / 0
03.12.2015

«Дзеўкі — гэта і Радзіма, і чужына, і шавурма». Выйшаў альбом Сяргея Балахонава (аўдыё)

Паэт з Гомелю прэзэнтаваў у сеціве альбом мэлядэклямацыяў «Дзеванькі і шавурма».

«Аднойчы на творчай сустрэчы мяне спыталі: У вас вершы пра дзевак ды пра дзевак. А пра мову і Радзіму ня пішаце?“. „А хіба дзеўкі не Радзіма?“ — знайшоўся тады я, а значна пазьней падумаў, што яны і Радзіма, і чужына, і шавурма», — гэтак раскрывае назву альбому аўтар. Рэліз складаецца зь дзесяці трэкаў. Усе вершы пісаліся адмыслова для гэтага альбома цягам году. У якасьці музычнага аздабленьня ўзятая музыка для некамэрцыйнага выкарыстаньня з сайту jamendo.com. Выніковыя запісы збольшага вытрыманы ў стылістыцы lo-fi, адметны акцэнт робіцца на голасе аўтара.

Вершы, якія ўвайшлі ў альбом, умоўна могуць быць акрэсьлены як любоўная лірыка. Умоўна, бо самому аўтару карціць дадаць прыстаўку «пост-» ці то да слова «любоўная», ці то да слова «лірыка». Бо як ты ні круці тыя вершы, усё адно выходзіць нешта ня так, іранізуе паэт.

Сяргей Балахонаў таксама вядомы як празаік і перакладчык песеннае лірыкі. Дзякуючы ягоным перакладам, па-беларуску загучалі песьні гуртоў «Серебряная свадьба», Naka, «Нестандартный вариант», Zdob si Zdub, 5diez ды іншых. З 2011 году ён займаецца ўласным музычным праектам пераважна ў жанры dark ambient. Сачыць за ягонай творчасьцю можна праз афіцыйную суполку.

Tuzin.fm