Гурт «Ворона» спыніў існаваньне (прэзэнтацыя разьвітальнага сынглу)
Сьпявачка Алёна Варона зьбіраецца надалей выступаць сольна і ўжо запісала акустычны альбом.
«За два гады існаваньня гурта давялося двойчы зьмяняць склад: спачатку музыкі ставіліся да справы ня дужа сур’ёзна. Другі склад сабраўся прафэсійны, але ўсе былі моцна занятыя, таму даводзілася часта адмяняць выступы або граць першымі, часам зусім непадрыхтаванымі. Як вынік — згас імпэт і мы разышліся», — патлумачыла парталу Tuzin.fm сама сьпявачка з нагоды прэм’еры разьвітальнага самотніку. Алёна кажа, што час у гурце быў для яе выдатным досьведам і зьбіраецца надалей выступаць сольна ў акустычным фармаце. У найбліжэйшых намерах сьпявачкі — прэзэнтаваць cвой акустычны «Жывы альбом» у трох частках. Першую ўжо можна паслухаць на яе афіцыйнай старонцы.
На Tuzin.fm гурт «Ворона» прадстаўляе апошнюю сваю песьню «Крок за крокам». «Добра, што менавіта гэтая кампазыцыя засталася, бо яна адлюстроўвае мой сёньняшні настрой і не дае ўпасьці духам», — заяўляе сьпявачка.
Гурт «Ворона» паўстаў у 2013 годзе. Свой дэбютны EP «Мая праўда» прэзэнтаваў на Tuzin.fm. Загалоўная песьня з рэлізу стала самай запатрабаванай песьняй зімы 2014/2015 на канале «Tuzin.Streaming_Belarus» на Soundcloud і ўвайшла ў топ-12 песень сэзону 2014/2015 паводле выніковага Мэгатуру, трапіўшы на выніковую складанку «Прэм’ер Тузін-8». Гурт меў матэрыялу на два альбомы і зьбіраўся зьняць кліп на адну зь песень.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ