
Naka пераносіць тур з нагоды 10-годзьдзя: «У нашым гурце няпросты час»(відэа)
Сьпявачка Наста Шпакоўская абвесьціла пра перанос шэрагу канцэртаў гурта.
Увосень гурту Naka спаўняецца 10 гадоў. З гэтай нагоды музыкі заплянавалі шэраг канцэртаў, але цяпер вымушаны заявіць пра іх перанос. Канцэрт у клюбе Re:Public, які меўся адбыцца 23 кастрычніка, перанесены на 29 лістапада. Выступ у Пецярбургу ў «Фіш фабрык» адбудзецца 7 сьнежня. Канцэрт Naka piano, заплянаваны 15 лістапада ў Кіеве, наогул адменены.
«У нашым гурце цяпер няпросты час. Па стане здароўя наша клявішніца Ірына Кліменка знаходзіцца ў больніцы і на час вымушаная пакінуць гурт. Мяркуем да выступаў 9 лістапада ў Магілёве і 12 лістапада ў Маскве ўвесьці новага клявішніка — Рамана Палешчука. Разьлічваю, што нашы прыхільнікі нас зразумеюць і падтрымаюць», — паведаміла Tuzin.fm вакалістка гурта Naka Наста Шпакоўская.
З нагоды юбілею гурта сьпявачка зазначыла: «Калі 10 гадоў таму сфармаваўся першы склад гурта, то я мела ўпэўненасьць, што праз пару гадоў мы будзем зьбіраць стадыёны. На шчасьце, гэтага не адбылося. Лёгкая слава і посьпех не спрыяюць фармаваньню характара, выхаваньню сілы духа і зьяўленьню каштоўнасьцей. Усё гэта дасягаецца ў працэсе няспыннай працы і пастаяннай барацьбы — з сабой і абставінамі. Я асабіста вельмі зьмянілася за гэты час і цяпер я дакладна разумею, што Naka — гэта тое, без чаго я не магу існаваць».
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ