Vuraj: «Глупства падзяляць народныя песьні на паганскія ці xрысьціянскія» (прэм’ера!)
У ноч з 6 на 7 студзеня этна-гурт Vuraj прэзэнтаваў на Tuzin.fm новы самотнік «Сьвяты вечар».
Зімовыя сьвяты цудадзейным чынам уплываюць на гурт Vuraj. У сьнежні яны прэзэнтавалі новы міні-альбом «Шэсьць загадок», пад Новы год зрабілі фантастычную вэрсію песьні «Шчодры вэчор» разам з CherryVata, а на Раство прэзэнтуюць новы самотнік. «Гэта наш сьвяточны падарунак, нам вельмі хацелася перадаць усю магію і казачнасьць гэтага сьпеву», — кажа вакаліст гурта Сяржук Доўгушаў. Запіс песьні адбыўся ў Берасьці напярэдадні Новага году 29—31 сьнежня, гукарэжысэрам быў Андрэй Багданаў.
Мы папрасілі музыкаў з «Вураю» пракамэнтаваць выказваньне айца Паўла Касьпяровіча, які ў інтэрвію Tuzin.fm сказаў наступнае: «Я не люблю, калі тэму сьвята Нараджэньня Хрыстова засьмечваюць паганскай ці фальклёрнай тэматыкай пра Каляду ці звычаі народныя. Таму што самога сьвята Нараджэньня Богачалавека не застаецца, толькі намаганьні рэанімаваць паганскія вераваньні». «Большасьць абрадавыx песень складалася яшчэ ў даxрысьціянскiя часы. І проста глупства падзяляць народныя песьні на паганскія ці xрысьціянскія. Вобразы калядных сьпеваў — месячык, сонейка, зорачкі, якія ператвараюцца ў гаспадара, гаспадыню і іx дзетак, надзяляючы тым самым глыбінным, сакральным сэнсам усю сыстэму сям’і, гаспадаркі. Творца-сям’я-космас-сусьвет. Так, і ў песьні „Сьвяты вечар“ у вобразе сьвятога вечару прадстае Гаспадар, а каля яго жонка, а каля яе дзеткі», — зазначыў на гэта Сяржук Доўгушаў.
Пры гэтым Vuraj зьвярнуў увагу на тое, што зусім ня хоча спрачацца, пагатоў на рэлігійную тэматыку. «Мы лічым музыку найбольш магутным сродкам для перадачы інфармацыі. Таму ня словамі, а музыкай імкнемся перадаць таямніцтва, глыбіню і дуxоўны cьвет», — заявіў гурт і павіншаваў усіх з Раством.
Tuzin.fm
крутяк, они должны быть дико популярны, почему их и о них так редко слышно?
Яны досыць часта даюць нагоды, каб пра іх пачуць. Сачыце за гуртом і яго навінамі праз суполку https://vk.com/vuraj
запрашаем на нашу старонку)
https://www.facebook.com/vurajband
https://vuraj.bandcamp.com/
КАМЕНТАВАЦЬ