Сяргею Пуксту — 42! (аўдыё/відэа)
14 кастрычніка спраўляе дзень народзінаў адзін з самых неардынарных выканаўцаў на беларускай сцэне.
Кампазытар, аранжыроўшчык, піяніст, гітарыст, музычны журналіст нарадзіўся ў Менску 14.10.1972. Пукст любіць казаць, што яго творчы шлях пачынаўся з панк-року. Сяргей прыходзіцца ўнукам славутаму беларускаму кампазытару Рыгору Пуксту, аўтару опэраў «Машэка» і «Сьвіцязянка», якія лічацца нашай музычнай клясыкай. Дзед памёр да яго нараджэньня, але ён зь дзяцінства атрымаў выдатную музычную адукацыю, скончыў музычную школу пры Дзяржаўнай кансэрваторыі па клясе клярнэта (1986), але хіліла Сяргея зусім да іншай музыкі. Першы ўцямны гурт Пукста зваўся «Король пчёл», ён паўстаў калі Пукст сканчаў Менскую мастацкую вучэльню (спэцыяльнасьць «апрацоўка дрэва, косьці і камня») і паступіў у Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт (скончыў у 1996). Пасьля музыка яшчэ павучыцца на падрыхтоўчым аддзяленьні Акадэміі мастацтваў.
Пукст-сольны (ды разам з Pukstband) абазначыў сябе ў 1997 годзе альбомам «Сны». Адзін зь яго паплечнікаў назаве стыль, у якім грае Сяргей, «нігілістычны джаз» і гэты цэтлік замацуецца за выканаўцам надоўга. Музыка, якую ён стварае, вельмі высока цэніцца экспэртамі. Культуроляг Максім Жбанкоў называе Пукста ў шэрагу самых яскравых музычных зьяваў у Беларусі ў новым стагодзьдзі, «Белгазета» ў 2004 гозе паставіла альбом Пукста «Strange Glamour» на першае месца ў рэйтынгу найлепшых альбомаў году ў Беларусі, а на ўзнагародах Experty.by па выніках 2013 году «Последний альбом» ад Pukstband перамог у намінацыях «Альбом году» і «Рок-альбом году», а таксама ўзяў «Прыз вялікага журы».
Пукст удзельнічаў у двух праектах, ініцыяваных парталам Tuzin.fm. У 2009 годзе ён выканаў сваю першую беларускамоўную кампазыцыю «Трыюмф волі» (у перакладзе Андрэя Хадановіча) для праекту «Тузін.Перазагрузка», а ў 2012 годзе напісаў музыку да фільму «Кастусь Каліноўскі» для праекту «Тузін.Немаўля». Cёлета выканаўца зрабіў таксама сваю вэрсію песьні «Александрына» для праекту «Re:Песьняры», але яна шакавала ўладальнікаў правоў на спадчыну Мулявіна настолькі, што была забаронена да прэзэнтацыі, выкананьня і выданьня. Сяргей рэалізаваў таксама свой мастацка-навуковы праект, у якім хор з 50 мастакоў выканаў вершаваныя тэксты паводле фундамэнтальных фізычных тэорыяў. У апошні год актыўна займаецца антрапалягічным праектам пад назвай «Георгі Дабро».
Tuzin.fm зычыць імяніньніку плёну, імпэту і натхненьня!
Tuzin.fm
Відэа. Прэзэнтацыя альбому Сяргея Пукста «Внутреннее» ў галерэі «Ў»
КАМЕНТАВАЦЬ