
Imagine Dragons адгукнуліся на кавэр Navi: «Для нас гэта гонар!» (відэа)
Беларускамоўнай вэрсіяй кампазыцыі «Radioactive» ў выкананьні Navi захапіліся прыхільнікі амэрыканскага гурта з усяго сьвету. Кавэр пачулі і аўтары арыгіналу.
Першым рэпост відэа зь беларускім кавэрам зрабіў фан-клюб Imagine Dragons у Віетнаме. Яго падтрымалі аматары гурта з Расеі, Тайлянду, Вугоршчыны, Польшчы, Нідэрляндаў, Ганконгу і Бразыліі. У Віетнаме ды Бразыліі слухачоў уразіла выкарыстаньне ў аранжыроўцы флейты, у Польшчы кавэр назвалі цудам, а ў Расеі некаторыя прыхільнікі з нагоды кавэру ў выкананьні Navi выказалі жаданьне вывучыць беларускую мову. «Radioactive» па-беларуску пачулі і самі Imagine Dragons. «Нашаму зьдзіўленьню ніколі ня будзе канца з той нагоды, што нашы песьні становяцца часткаю культуры ва ўсім сьвеце. Гэта напамін пра тое, што музыка ня мае межаў. Для нас гонар, што беларусы пераклалі нашу песьню», — зазначылі музыкі з Лас-Вэгасу, якія ўжо 22 студзеня выступяць у Менску з прэзэнтацыяй альбому «Smoke + Mirrors». Канцэрт адбудзецца ў «Чыжоўцы-Арэне». Падрабязнасьці — у нашай афішы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ