Курэйчык зьбірае грошы на фільм з Кульлінковічам у галоўнай ролі (відэа)
2391 / 0
01.05.2015

Курэйчык зьбірае грошы на фільм з Кульлінковічам у галоўнай ролі (відэа)

Фільм мяркуецца назваць «ГараШ». Каб праект адбыўся, трэба за 42 дні сабраць 80 000 000 руб.

Аўтары ідэі — рэжысэр і сцэнарыст Андрэй Курэйчык (на загалоўным фота), рэжысэр і апэратар Аляксандар Крупіна, кампазытар Дзьмітры Фрыга — называюць свой праект культурнай правакацыяй і пратэстам супраць пошласьці і афіцыёзу. «Наш адказ галівудзкім і расейскім сэрыялам народзіцца ў гаражы на ўскраіне Менску, у Шабанах. Там, дзе жывуць не мажоры і піжоны, а рэальныя героі сучаснай Беларусі. Гараж ня мае назвы, але ўсе яго ведаюць. Там можна ня толькі пачыніць аўто, але і вырашыць любую праблему і нават „пачыніць лёс“», — гэтак апісваецца задума кінапраекту. У якасьці галоўнага героя абраны Аляксандар Кульлінковіч. На думку стваральнікаў, «герой ня будзе салодзенькім, ня будзе рабіць рэйтынгі для хатніх гаспадынь ці дагаджаць гледачу. Ён будзе адкрываць тайны жыцьця ў Беларусі. І рабіць гэта так, як ніхто б і не прапанаваў».

Праект выстаўлены на пошук народнага фінансаваньня на сайце Ulej.by. З дапамогай гледачоў мяркуецца сабраць неабходную суму для старту праекту — 80 млн беларускіх рублёў за 42 дні. Кожнага, хто спрычыніцца да фінансаваньня новага беларускага сэрыялу, чакае падарунак. Курэйчык кажа, што справа робіцца не для камэрцыі, а праз жаданьне пасьцябацца над беларускім саўком і зрабіць сапраўднае шчырае кіно.

Падрабязьней пра праект можна дазнацца ў афіцыйных суполках УК і FB.

Tuzin.fm