«Бусламі на поўдзень». Цёмны фольк з Бабруйску (відэа)
2530 / 1
17.02.2016

«Бусламі на поўдзень». Цёмны фольк з Бабруйску (відэа)

Праект Яўгена Купчанкі прадставіў дэма-альбом і дэбютнае відэа.

«Бусламі на поўдзень» паўстаў з акустычнага гурта «Черно/белое Солнце», які Яўген стварыў разам зь сябрамі.  Два гады таму ён зацікавіўся іншай музыкай і заснаваў сольны праект. «Спачатку я перакладаў свае ранейшыя песьні ды рабіў для іх іншую аранжыроўку, а далей стаў прыдумваць новыя вершы, — тлумачыць Яўген Купчанка. — Сам пішу музыку, сам граю і сам запісваю. Атрымліваецца змрочна і атмасфэрна. Стылістыка музыкі ад дарк-фольку да пост-панку і пост-року».

У сеціва ўжо выкладзены дэма-альбом гурта «Бусламі на поўдзень». У яго падтрымку быў зьняты кліп на песьню «Сьвітанак». Зрабіў яго лідэр праекту не выходзячы з уласнага пакою. «Сама песьня пра ўзаемаадносіны мужчыны і жанчыны, а вось кліп зусім пра іншае — фактычна ў ім можна ўбачыць, як я пішу свае песьні пад моцную гарбату».

Яўген зьбіраецца экспэрымэнтаваць у сваім праекце, але і ў новых творах абяцае «быць такім жа чорным». Сачыць за навінамі праекту можна праз афіцыйную суполку.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: