Клюб «Пляцоўка Хол» канчаткова зачынены
2073 / 0
02.03.2016

Клюб «Пляцоўка Хол» канчаткова зачынены

Новае месца праіснавала меней за паўгоду.

Клюб «Пляцоўка Хол» пачаў працу ў верасьні 2015 году на месцы клюбу «Цэнтар», у будынку Палацу Рэспублікі. Дырэкцыя адразу ж дэкляравала курс на беларускасьць: стаўка рабілася на канцэрты нашых выканаўцаў, антураж у нацыянальным стылі, беларуская кухня, беларускамоўны пэрсанал. Да канца году тут прайшло зь дзясятак самых разнайстайных імпрэзаў. Сярод іх — канцэрты гуртоў Amaroka, Navi, «Разьбітае сэрца пацана», прэзэнтацыя новага альбому Vinsent’а ды прэмія «Героі году». Тут жа меркавалася правесьці ў 2016-м такія імпрэзы, як «Адборышча» і прэзэнтацыя альбому гурта Dzieciuki. Але на пачатку новага году празь непаразуменьні сярод заснавальнікаў новага месца, клюб часова прыпыніў працу. Адныя вырашылі займацца іншым клюбам — Burlesque, другія — працягваць справу ды перааформіць дакумэнты.

Як паведаміла Tuzin.fm арт-дырэктарка клюбу Сьвятлана Рамонка, цяпер вырашана адмовіцца ад гэтай ідэі: «Клюбу „Пляцоўка Хол“ ня будзе, бо мы ня можам выканаць цяперашнія ўмовы арэнды». Сьвятлана дадала, што каманда «Пляцоўкі» зьбіраецца адкрыць новы клюб — пад іншай назвай і ў іншым месцы. Цяпер ідзе пошук памяшканьня. Што будзе на месцы «Цэнтру — Пляцоўкі Хол» пакуль невядома.

Tuzin.fm