Сяргей Міхалок: «Я больш ня буду пісаць прымітыўныя тэксты» (аўдыё/відэа)
3153 / 1
01.09.2015

Сяргей Міхалок: «Я больш ня буду пісаць прымітыўныя тэксты» (аўдыё/відэа)

Brutto прэзэнтавалі самотнік «Родны край» у падтрымку аднайменнага альбому, які гурт зьбіраецца прэзэнтаваць у туры па Ўкраіне і ЗША.

1 верасьня адбыўся рэліз беларускамоўнага сынглу «Родны край» і кліпу на яго. Акурат на гадавіну існаваньня Brutto. Такім чынам гурт анансуе аднайменны альбом, рэліз якога прызначаны на восень. Сяргей Міхалок абяцае, што ён будзе дужа адрозьнівацца ад дэбютніку. «Далей выдаваць зь сябе Агнію Барто і пісаць наўмысна прымітыўныя тэксты я ня буду. Я вярнуся да той паэзіі, якая мне блізкая. Я вярнуся да пэўных мэтафараў і гэта будзе падобна да „Жалезнага“ ці „Воінаў сьвятла“. Гэта мне як аўтару хочацца. Я напісаў альбом, які засьведчыць: эвалюцыя з гіпэррыўкамі — рэальна», — заяўляе франтмэн Brutto.

Відэа «Родны край» зьняў расейскі рэжысэр Аляксандар Давыдоўскі, для якога гэта пятая праца для Brutto. Да гэтага былі «Гири», «Адидас», «Будзь сьмелым», «Олимпия». Песьня «Родны край» Міхалок прысьвяціў свайму сыну Макару, у відэа зьнялася таксама жонка сьпевака — акторка Сьвятлана Зелянкоўская. Песьня яшчэ адметная тым, што перад яе акустычнай прэзэнтацыяй, Сяргей упершыню публічна загаварыў па-беларуску.

Тур у падтрымку альбому «Родны край» пройдзе найперш ва Ўкраіне, дзе цяпер базуецца гурт. Першыя канцэрты адбудуцца 21 лістапада ў Львове (Палац спорту) і 29 лістапада ў Харкаве (Палац спорту). Падрабязьней пра тур — на адмысловай старонцы. А на люты заплянаваны «Родны край. USA Tour». Пацьверджаныя ўжо канцэрты гурта ў Маямі, Вашынгтоне, Нью-Ёрку, Бостане, Чыкага, Лос-Анджэлесе і Сан-Францыска.

Tuzin.fm  

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    01.09.2015 / 17:02

    Тэкст песьні:

    Родны, родны, родны край
    Я табе вораг - мяне не чакай,
    Родны, родны, родны брат
    Бойся мяне - я злодзей ды кат
    Родная, родная, родная маці
    Я - ваўкалак, хавайся ў хаце,
    Родны, родны, родны бацька
    Сын звар'яцеў - ня трэба чакаць яго

    Родны край х 2

    Родны, родны, родны бусел
    Дзюбай мяне ў вочы ды вусны
    Родны, родны, родны вецер
    Гані мяне прэч - я попел ды сьмецьце
    Родны, родны, родны ланцуг
    Даві мяне горш - я шэры пацук
    Родны, родны, родны край
    Я люты здраднік - мяне пакарай

  • КАМЕНТАВАЦЬ