Angst, Zeman i Kontra аб’ядналіся ў праекце Belaroots (аўдыё)
Тры беларускія рэпэры прэзэнтавалі першы самотнік з альбому «Аднакарэнныя», які цяпер запісваюць разам.
Кожны з удзельнікаў праекту ўжо досыць дасьведчаны ў сваёй справе, але і Angst, і Zeman i Kontra разглядаюць Belaroots, як новую і вельмі цікавую прыгоду. «Мы перадаем прывітаньне людзям, якія нас ужо ведаюць і паказваем візытоўку для тых, хто чуе пра нас упершыню. Калі хтосьці ўжо знаёмы з адным з нас, то гэта цудоўная нагода, каб пазнаёміцца і з астатнімі», — сказалі парталу Tuzin.fm заснавальнікі праекту з нагоды выхаду першага самотніку «Тры келіхі». Паводле задумы, кожны зь іх прэзэнтуе ў межах праекту родную для сябе частку Беларусі і стыхію: Angst — усход краіны і ваду, Zeman — цэнтральную частку і паветра, Kontra — захад і — адпаведна — агонь. Гэтая ідэя адлюстраваная ў лягатыпе гурта: чырвоным дрэве з блакітнай рысай і назвай праекту, напісанай белымі літарамі пад ім.
Самотнік анансуе дэбютны альбом Belaroots, які завецца «Аднакарэнныя». Праца над якім адбываецца цяпер на студыі Nestanda Records. У яго ўвойдзе 12 трэкаў. Рэліз адбудзецца сёлета. Пры гэтым кожны ўдзельнік праекту працягвае працу і над сваімі сольнымі альбомамі.
Сачыць за навінамі праекту можна праз афіцыйную суполку.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ