Гімн «Крумкачам» ад Re1ikt: «Такое стадыёнам пяяць — мароз па скуры!» (аўдыё)
2525 / 0
14.04.2016

Гімн «Крумкачам» ад Re1ikt: «Такое стадыёнам пяяць — мароз па скуры!» (аўдыё)

Песьня «Разам», якую гурт Re1ikt запісаў для футбольнага клюбу «Крумкачы», займела посьпех.

14 красавіка каманда-сэнсацыя беларускага футболу «Крумкачы» прадставіла свой афіцыйны гімн, які для іх напісаў гурт Re1ikt — «Гурт году — 2013» па вэрсіі Tuzin.fm і аўтары найлепшага беларускага рок-альбому-2015 па вэрсіі Experty.by. Песьня завецца «Разам». «Трэк выйшаў дынамічным, энэргічным, ён натхняе на перамогу! Гэта 100% футбольны гімн, які адпавядае сусьветным стандартам і пры гэтым у ім захаваная нацыянальная беларуская ідэнтычнасьць», — заявіў з гэтай нагоды старшыня праўленьня ФК «Крумкачы» Дзяніс Шунто. Яго захапленьне падзяляюць і большасьць заўзятараў. «Такое стадыёнам пяяць — мароз па скуры!» — зазначыў адзін з заўзятараў у афіцыйнай суполцы клюбу. За першы дзень толькі на Soundcloud трэк праслухалі больш за 6000 разоў.

«Кіраўніцтва клюбу хацела, каб менавіта мы запісалі ім гімн, бо былі ўражаныя нашым альбомам „Лекавыя травы“, — сказаў Tuzin.fm лідэр і бубнач Re1ikt Алесь Дземідзенка. — Мы былі вельмі ўсхваляваныя, бо гэта вялікая адказнасьць — напісаць песьню, якая будзе натхняць гульцоў на перамогі, а заўзятараў на падтрымку. Кампазыцыя атрымалася не зусім уласьцівай для нас, але галоўнае, што ў нас атрымалася захаваць беларускую атмасфэру». Упершыню жыўцом гімн прагучыць 23 красавіка перад матчам «Крумкачы» — «Славія-Мазыр».

Спартовыя клюбы і раней зьвярталіся да альтэрнатыўных гуртоў з просьбай стварыць гімн. Так, напрыклад «Ляпіс Трубяцкі» запісаў калісьці гімн ФК «Дынама» (Менск), IQ48 стварылі гімн для ФК «Шахцёр» (Салігорск), а гурт «Палац» напісаў гімн для хакейнага клюбу «Дынама» (Менск). Паслухаць гэтыя ды іншыя прысьвячэньні спартоўцам ад музыкаў можна ў афіцыйнай суполцы Tuzin.fm «УКантакце».

Tuzin.fm