2916 / 0
05.01.2014

Юры Несьцярэнка выдае восьмы альбом (аўдыё)

Гонар беларускай блюз-рокавай сцэны падрыхтаваў да выданьня новую працу.

Новы дыск музыкі зь Бялынічаў завецца «Аэрапланы ў вырай». Гэта будзе восьмы альбом у яго 32-гадовай музычнай кар’еры. І другі цалкам беларускамоўны рэліз. «Рыхтаваў гэты дыск працяглы час, кідаў працу над ім, потым вяртаўся, зьмяняў трэк-ліст, нешта выкідаў, нешта дадаваў. Такая шматпакутная праца выйшла», — прызнаўся выканаўца ў камэнтары для Tuzin.fm.

Усю музыку да «Аэрапланаў…» Несьцярэнка напісаў сам на свае словы, а таксама на вершы паэтак Алены Беланожкі і Людмілы Рублеўскай. Гэта будзе сольны альбом музыкі, але ў яго запісе ўзялі ўдзел музыкі з розных праектаў Несьцярэнкі — у тым ліку «Последний шанс», White Night Blues і Nestarы Band. Рэліз CD «Аэрапланы ў вырай» адбудзецца ў другой палове студзеня 2014 году.

Загалоўную песьню з альбому «Аэрапланы ў вырай» музыка прадстаўляе да ўвагі наведнікам «Тузіна Гітоў».

Tuzin.fm