Лявон Вольскі атрымае Freemuse Award падчас «Эўравізіі» (+відэа)
2761 / 0
04.05.2016

Лявон Вольскі атрымае Freemuse Award падчас «Эўравізіі» (+відэа)

Уручэньне міжнароднай прэміі беларускаму музыку адбудзецца на вялікай сцэне ў Eurovision Village, падчас правядзеньня фэстывалю «Эўравізія».

У нядзелю, 8 траўня Лявон Вольскі афіцыйна атрымае Freemuse Award за дзейнасьць на карысьць свабоды музычнага выказваньня. За некалькі дзён да ўручэньня, арганізатары прэміі распаўсюдзілі інфармацыю, што ўрачыстасьць пройдзе на тэрыторыі міжнароднага конкурсу «Эўравізія», на вялікай сцэне Eurovision Village, што месьціцца ў парку Кунгстрэдгардэн у Стакгольме. У паведамленьні адзначаецца, што Беларусь на гэтым конкурсе будзе прадстаўляць Ivan, абраны праз нацыянальны фінал беларускай дзяржаўнай тэлевізіяй, у этэры якой забаронена паказваць Вольскага ды іншых творцаў, што крытыкуюць рэжым.

Разам зь Лявонам на сцэну выйдзе папярэдні ўладальнік Freemuse Award Рамі Эсам, якога называюць «сьпеваком эгіпецкай рэвалюцыі». Беларускі выканаўца таксама возьме ўдзел у дыскусіі на тэму музыкі і правоў чалавека, якая адбудзецца напярэдадні цырымоніі ўручэньня.

З нагоды прысуджэньня прэміі Лявону Вольскаму на сайце арганізацыі Freemuse зьявіўся артыкул «Свабодны чалавек у несвабоднай краіне» аўтарства Інга Пэца, які знаёміць ангельскамоўную публіку з творчасьцю лідэра гуртоў «Мроя», N.R.M., ZET, «Крамбамбуля».

У 2009 годзе Лявон, дарэчы, прадставіў трэш-кліп на сваю жартаўлівую песьню пра «Эўравізію». Нагода згадаць.

Яшчэ: Freemuse Award: «Песьні Вольскага ёсьць гімнамі для тых, хто марыць пра свабодную Беларусь»

Tuzin.fm