Памёр клясык беларускай музыкі Сяргей Картэс (1935—2016)
2640 / 0
26.06.2016

Памёр клясык беларускай музыкі Сяргей Картэс (1935—2016)

26 чэрвеня на 82-м годзе жыцьця пайшоў у іншы сьвет кампазытар, народны артыст Беларусі Сяргей Картэс.

Сяргей Картэс па праве лічыцца клясыкам беларускай музыкі. Свае першыя творы ён напісаў у 1950-х гадах. Мае дужа цікавую біяграфію: нарадзіўся ў Чылі, першыя 20 гадоў пражыў у Аргентыне, а ў Беларусь яго сям’я пераехала ў 1955 годзе — сям’я вырашыла папрасіць савецкае грамадзянства. У Менску ён скончыў кансэрваторыю. Быў дырыгентам і загадчыкам музычнай часткай у Тэатры юнага гледача, Тэатры імя Янкі Купалы, музычным рэдактарам «Беларусьфільму», у 1991—2002 гадах узначальваў беларускі тэатар опэры і балету. У ліку яго самых значных твораў — опэры «Джардана Бруна», «Юбілей», балет «Апошні Інка», араторыя «Памяці паэта» паводле Янкі Купалы, музыка да такіх спэктакляў як «Сэрца на далоні», «Клоп», «Трыбунал», «Вечар» і кінафільмаў «Чорны замак Альшанскі», «Раскіданае гняздо», «Вазьму твой боль», «Прыгоды ў горадзе, якога няма» ды яшчэ безьліч твораў.

Сяргей Альбэртавіч быў на дзіва адкрыты і шчыры чалавек, гатовы да творчых экспэрымэнтаў. На сваё 80-годзьдзе ў дзяржаўнай філярмоніі кампазытар запрасіў з выступам разам з опэрнымі сьпевакамі і камэрным аркестрам гурт Dzieciuki, чым нямала ўсіх зьдзівіў. «Я не баюся, што гэтая каманда будзе на сцэне лішняй. Наадварот — вельмі цікава паглядзець як яны выглядаюць і гучаць. Думаю, што і для публікі гэта будзе прыемная нечаканасьць», — з сваёй фірмовай усьмешкай казаў ён напярэдадні. «У спадары Картэсе жыве сапраўдны панк-рокер. На такое можа наважыцца нонканфарміст і незвычайны чалавек», — адзначыў пасьля таго канцэрту вакаліст гарадзенскай каманды Алесь Дзянісаў.

Tuzin.fm выказвае спачуваньні родным і блізкім Сяргея Картэса.

Разьвітаньне з кампазытарам адбудзецца 28 чэрвеня з 11.30 да 12.00 ў развітальнай залі лечкамісіі (вул.Чырвонаармейская, 10).

На відэа: фрагмэнт зь фільму «Раскіданае гняздо» (1981), «Песьняры» выконваюць песьню «А хто там ідзе» на верш Янкі Купалы і музыку Сяргея Картэса.

Яшчэ: Сяргей Картэс: «Спачатку ў Мінкульце былі ў жаху ад маіх твораў» (+рарытэт)

Tuzin.fm