Гурт Piarevaracien выдаў у Францыі нечаканы альбом (слухаць)
Беларуская паган-мэтал каманда запісала пры ўдзеле сьпявачак з гурту Guda лёгкі фольк-альбом з элемэнтамі эмбіенту.
Рэліз «Spadčyna/Heritage» адбыўся на францускім лэйбле Crush the Desert. Для музыкаў гэта трэцяя студыйная праца, у якой яны экспэрымэнтуюць з аўтэнтычнымі сьпевамі і музычнымі стылямі. Паводле канцэпцыі праграмы, у ёй паказваецца колазварот прыроды, які ўвасабляюць чатыры народныя песьні «Каляда», «Дунаю», «Ой, Купала» і «За туманам», а таксама музычныя адступы між імі. «Ідэя нашага альбому ў культурнай пераемнасьці мінулага і сучаснага. Мы імкнуліся максымальна захаваць мэлёдыку архаічных сьпеваў, але пры гэтым упісаць іх у сучасную аранжыроўку. І тым самым паказаць, што традыцыя можа жыць ня толькі сярод этнографаў-рэканструктараў, але і сярод іншых людзей, якія з павагай ставяцца да культурнай спадчыны», — зазначыў у камэнтары Tuzin.fm удзельнік гурту, які называе сябе Winter Forest. Акрамя непасрэдна ўдзельнікаў гурту ў працы былі задзейнічаныя сьпявачкі Дар’я Зуева і Наста Шпілеўская, вядомыя з гурту Guda, ды клявішніца Вольга Янушкевіч.
Альбом «Spadčyna/Heritage» можна замовіць на лэйбле выдаўца Crush the Desert. Пра дату жывой прэзэнтацыі дыску музыкі паведамяць праз сваю афіцыйную суполку.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ