«Народны альбом» паставяць у Опэры з удзелам Вольскага і кампаніі (відэа)
Да 20-годзьдзя знакавага музычнага праекту рыхтуецца спэктакль, героямі якога стануць, як удзельнікі «Народнага альбому», так і новыя музыкі.
Прэм’ера пастаноўкі заплянаваная ў Беластоку, на сцэне Падляскай опэры і філярмоніі 4 верасьня. Ладзіць яе тэлеканал «Белсат», а рэжысэрам дзеі выступае Мацей Сабураў, вядомы як музыка і аўтар музыкі да спэктакляў (гурт «Плато») і як рэжысэр кліпаў «Ляпіса Трубяцкога», «Крамбамбулі», «Без Билета». У спэктаклі заяўленыя як сталыя ўдзельнікі праекту як Лявон Вольскі, Аляксандар Памідораў, Зьміцер Вайцюшкевіч, так і новыя. Плянуецца далучыць да дзеі гурт Apple Tea ды іншых запрошаных музыкаў. «Гэтым разам будзе граць цэлы аркестар — 20 асобаў. Бо ўсё мусіць адбывацца ў беластоцкай опэры, а гэта грандыёзная па памерах і тэхнічных магчымасьцях пляцоўка. У Беларусі нічога падобнага няма. Таму мы пашырылі склад удзельнікаў і будзем рабіць новыя аранжыроўкі песень. То бок гэта будзе стары добры „Народны альбом“, але на якасна вышэйшым узроўні», — распавёў Лявон Вольскі. Паводле музыкі, верасьнёўская прэмʼера ня будзе канцэптуальна адрозьнівацца ад арыгіналу.
Спэктакль «Народны альбом. 20 год» стане часткаю фэстывалю «Wschód Kultury. Inny Wymiar», каардынаванага Беластоцкім цэнтрам культуры і Нацыянальным цэнтрам культуры. Традыцыйна на такія імпрэзы ўваход вольны.
«Народны альбом» у барбакане ў Кракаве, 1999 год, здымкі TVP
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ