
«Паштоўка» зь Нью-Ёрку (аўдыё)
Гурт Litvakus зь Нью-Ёрку выдаў новую порцыю традыцыйнае музыкі літвакоў, то бок беларускіх габрэяў.
Міньён «Паштоўка» (па-ангельску «Postcard», на ідыш «Kartl») уключае «Бабруйскую сюіту», розныя танцы ды аўтарскі твор заснавальніка гурту Зьмітра Сьляповіча. Музыка нарадзіўся ў Менску, але ўжо працяглы час жыве ў ЗША. Міні-альбом Litvakus выйшаў і ў выглядзе кампакт-дыску, і як сапраўдная паштоўка з фотаздымкам габрэйскага дома ў Бабруйску і адмысловым кодам для спампоўкі. Паслухаць і набыць новы міньён можна на старонцы гурту на Bandcamp.com.
У інтэрвію Tuzin.fm Зьміцер так сказаў пра музыку, якую грае: «Яна аднолькава належыць і габрэям, і беларусам, і палякам — усім, хто фармаваў вось гэтую шматкультурную прастору. Таму і пад беларускай музыкай я разумею ня толькі беларускую этнічную, а й усялякую, што рабілася ў Беларусі й атрымала ўплыў мясцовай традыцыі».
Летась гурт Зьмітра Сьляповіча выдаў поўнавартасны альбом «Raysn: The Music of Jewish Belarus», куды ўвайшлі песьні беларускіх габрэяў. Працу ўхвалілі такія зоркі клезьмеру й авангарду як Джон Зорн і Фрэнк Лёндан, а амэрыканскія музычныя экспэрты параўналі Litvakus з Gogol Bordello.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ