Леон Гурвіч упершыню за 15 гадоў выступіць у Менску (відэа)
1986 / 1
06.09.2016

Леон Гурвіч упершыню за 15 гадоў выступіць у Менску (відэа)

Славуты піяніст зь Нямеччыны, народжаны ў Менску, дае свой першы канцэрт сур’ёзны канцэрт на Радзіме.

У родным Менску Гурвіч не выступаў з 2001 году. Якраз у гэты час па сканчэньні Беларускай акадэміі музыкі ён выправіўся за мяжу і стаў сапраўднай славутасьцю ў Нямеччыне — стварыў саўндтрэк да стужкі ўладальніка «Оскара» Мэнахэма Голана, запісаў сумесны альбом з уладальнікам «Грэмі» Фрэнкам Лонданам, зрабіў пастаноўку опэры Філіпа Гласа. Цяпер Леон зьяўляецца аўтарам больш чым 300 твораў, выступае па ўсім сьвеце, налета ў яго заплянаваны канцэрт у Carnegie Hall у Нью-Ёрку. У інтэрвію Tuzin.fm музыка з Гамбургу папрасіў лічыць ягоныя працы здабыткам беларускай культуры. У пацьверджаньне гэтаму, ён запісаў твор «Акіян у цішы» для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2».

«Вельмі рады нарэшце пабываць у родным горадзе. Ведаю, што Менск дужа зьмяніўся за гэтыя 15 гадоў, але веру ў тое, што публіка нашая засталася такой жа душэўнай», — зазначыў Леон з нагоды прыезду. На жаль, «Акіян у цішы» ў канцэрце не прагучыць — у складзе Leon Gurvitch Project яе выканала беларуска Іна Высоцкая, а ў Менск піяніст прыедзе з амэрыканскай сьпявачкай Лаў Ньюкірк. Праграма будзе прысьвечаная амэрыканскай джазавай клясыцы. У выкананьні Гурвіча і кампаніі прагучаць Гершвін, Элінгтан, Дэвіс, Брубэк.

Канцэрт пройдзе 28 верасьня ў Палацы прафсаюзаў. Падрабязнасьці ў нашай афішы.

Яшчэ: Незабыўны Леон Гурвіч (аўдыё/відэа)

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    22.09.2016 / 14:27

    27 верасьня Леон Гурвіч правядзе майстар-кляс у белрарускім унівэрсітэце культуры ў 13.30, вул. Рабкораўская, 17 (аўд.123)

  • КАМЕНТАВАЦЬ