
Адбор на «Бардаўскую восень»: не прайшла Pauline, затое едзе BarRokka
30 выканаўцаў узялі ўдзел у адборачным канцэрце да культавага беларускага фэсту, які ў 23-і раз пройдзе ў Польшчы.
Адбор праходзіў у менскім клюбе ILI. Па выніках 4-гадзіннага праслухоўваньня, журы назвала дзевяць удзельнікаў, якія возьмуць удзел у конкурснай праграме фэстывалю. Цікава, што даволі шмат выканаўцаў, якіх можна было лічыць фаварытамі конкурсу, ня трапілі ў канчатковы сьпіс. Сярод іх Pauline, гурт «Тутэйшыя», дуэт «МІП-бэнд». Затое ў лік фіналістаў трапіў гурт BarRokka (на фота) — безумоўна, адно з адкрыцьцяў гэтага году ў беларускай музыцы, гурт «Мерада», які выступіў у фармаце дуэту, лідэр гурта Hurma Мікіта Найдзёнаў ды яшчэ нямала цікавых выканаўцаў. «Склад канкурсантаў сёлета можа быць быў самы моцны за ўвесь час, што я назіраю за фэстывалем. Вельмі шкада, што не прайшлі адбор надзвычай прафэсійныя і вартыя ўвагі выканаўцы, але мы былі абмежаваныя фарматам фэсту і абмежаваньнямі што да колькасьці канкурсантаў. У гэтай сувязі, напрыклад, сольныя выканаўцы мелі перавагу над дуэтамі, а дуэты над трыё ці гуртамі», — зазначае прадстаўнік парталу Tuzin.fm у журы Алег Хаменка. Акром яго ў журы ўвайшлі Кася Камоцкая і Зьміцер Вайцюшкевіч.
Склад удзельнікаў конкурсу «Бардаўскай восені — 2016» выглядае так: гурт «Сон-трава», дуэт «MorkvaЦвет», Мixаiл Рубiн, Марыя Гаўрыленка, Ганна і Стыў Крамэры, Максiм Знак, Андрэй Сянькевiч, Мiкiта Найдзёнаў, гурт «BarRokka». Фэстываль пройдзе 28—30 кастрычніка ў Бельску-Падляскім. Удзельнікі гасьцявой часткі будуць названыя трошкі пазьней.
Фотарэпартаж з адборачнага канцэрту «Бардаўскай восені»
Tuzin.fm, фота Марыны Серабраковай
КАМЕНТАВАЦЬ