«Белае сонца»: «Мы знайшлі сваю нішу ў беларускай музычнай прасторы» (аўдыё)
3046 / 0
03.11.2016

«Белае сонца»: «Мы знайшлі сваю нішу ў беларускай музычнай прасторы» (аўдыё)

Гурт з Мазыру «Белае сонца» прэзэнтуе на Tuzin.fm песьню «Дождж», якая мае адкрыць іх першы беларускамоўны альбом.

Музыкі сьцьвярджаюць, што знайшлі сваю нішу ў беларускай музычнай прасторы. «Мы шмат пераслухалі беларускамоўных гуртоў, але нічога падобнага таму, што робім мы, не сустрэлі. Калі паспрабаваць апісаць, то наш новы альбом будзе гучаць, як сумесь „Океана Ельзи“ і Sixx am», — кажа вакаліст гурта Павал Фрост. На Tuzin.fm мазырскія музыкі прэзэнтуюць сынгл з будучага альбому — «Дождж». Сам рэліз выйдзе ў 2017-м.

«Белае сонца» існуе з 2012 году. Летась выдалі альбом «Лисица» ў стылістыцы гард-року. Гурт бачыць мэту ў тым, каб прасоўваць сваю творчасьць пад брэндам «зроблена ў Беларусі» ў краіны бліжняга замежжа і постсавецкай прасторы, не забываючыся на беларускую публіку. «У новым альбоме мы хочам данесьці прыгажосьць, моднасьць і эстэтыку беларускай мовы да жыхароў нашай краіны і пазнаёміць з нашай культурай іншых слухачоў», — зазначае Павал.

Гурт «Белае сонца» ня мае дачыненьня да праекту «Белае сонца», які сёлета заснаваў лідэр ВІА «Спэцназ» Сяргей Гарбацкі. «Мы ведаем пра іх, яны пра нас. Навошта яны ўзялі такую ж назву, нам незразумела», — зазначае з гэтай нагоды ўдзельнік мазырскай каманды.

Tuzin.fm