BarRokka. Затрыманьне на мяжы (аўдыё)
2277 / 0
19.12.2016

BarRokka. Затрыманьне на мяжы (аўдыё)

Гурт Лізаветы Леўчык прэзэнтуе свой дэбютны міні-альбом «Мяжа», куды ўвайшло 5 песень.

Рэліз пабачыў сьвет на гадавіну існаваньня каманды — летась у сьнежні BarRokka далі свой першы канцэрт у гісторыі. За 2016 год каманда зрабіла нямала, дзякуючы чаму трапіла ў прэтэндэнты на «Адкрыцьцё году» на прэміі «Героі году». «Мы паказалі, найперш самім сабе, што мы здольныя давесьці задуманае да канца, нават калі абставіны для гэтага ня надта спрыяльныя», — зазначае лідэрка BarRokka Лізавета Леўчык і выказвае спадзеў на тое, што слухач самастойна раскрые тую галоўную думку, якая закладзеная ў міні-альбом.

«Мы яго назвалі так, каб паказаць тую тонкую мяжу, якая існуе паміж жыцьцём і сьмерцю, фантазіяй і рэчаіснасьцю, сном і няспаньнем. Мы ніколі не бываем толькі на адным баку гэтай мяжы. Фантазіі ўрываюцца ў рэальнасьць, вусьціш больш рэальнае за жыцьцё, і небыцьцё — адзінае, што застаецца ў сваёй першапачатковай чысьціні. Жыцьцё — мара, жыцьцё — ілюзія, жыцьцё — сон. Ці магчыма затрымацца на гэтай мяжы? Гэтае пытаньне, над якім мы разважаем у сваіх песьнях», — тлумачыць Лізавета.

Жывая прэзэнтацыя міні-альбому «Мяжа» адбылася 19 сьнежня ў клюбе «Графіці». Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку.

Tuzin.fm