Апублікавана песьня, якая не ўвайшла ў «Народны альбом» (аўдыё)
На канале Tuzin.fm на Soundcloud прэзэнтаваны сьпеў «Коленька».
Гэты твор быў запісаны 20 гадоў таму падчас студыйнай сэсіі «Народнага альбому» на радыё 101,2 разам з «Надзенькай», але ў фінальную вэрсію не ўвайшоў. Аўтары канцэпцыі праекту Міхал Анемпадыстаў і Лявон Вольскі палічылі сьпеў пра «Коленьку» пераборам. «Дзьве аднатыпныя песьні вырашылі ня ставіць. Да таго ж там пра немцаў, а ў альбоме падзеі адбываюцца трохі раней», — тлумачыць Лявон, але прызнаецца, што ў той час гэтыя творы як пра Надзеньку, так і пра Коленьку яго моцна ўразілі, як прыклады «беларускага наіўнага мастацтва».
Абодва гэтыя творы выканаў Мікола Трус, на той час дырэктар музэю Максіма Багдановіча. Ён пажадаў, каб яго імя не раскрывалі і падпісалі ў «Народным альбоме», як «Інкогніта». Упершыню публічна сваё імя спадар Мікола раскрыў у фільме «Ненаўмысны шэдэўр» ды распавёў пра абставіны запісу.
На фота: Мікола Трус падчас калядаваньня ў Строчыцах, здымак 1999 году, крыніца: vytoki.net
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ