Пукст прысьвяціў новы альбом Змрочнаму Беларусу (аўдыё)
1855 / 0
08.01.2016

Пукст прысьвяціў новы альбом Змрочнаму Беларусу (аўдыё)

Выканаўца запісаў чацьверты сольны альбом, які ён характаразуе як вельмі асабісты.

Альбом «Путь домой» пабачыў сьвет 7 студзеня 2016 году. Усе трэкі, вакал, гітару і клявішы для альбому Сяргей Пукст запісаў на сваёй хатняй студыі. Артыст кажа, што ў гэтых песьнях распавядаецца пра такога пэрсанажа, як Змрочны Беларус. «Гэта адна з рысаў нацыянальнага характару — змрочнасьць і такая мядзьведжая лагоднасьць, — патлумачыў Tuzin.fm Сяргей. — Калі чалавек увесь час знаходзіцца пад пэўным прэсам, можа быць працуе на дзяржаўнай службе, такі ціхі лузэр. Але ў пэўны момант ён нечакана для ўсіх выскаляецца і праяўляе жорсткасьць і агрэсію, як той мядзьведзь, што сядзіць з аднолькавым выразам твару, а потым — хрась табе лапаю. І далей працягвае гэтак жа сядзець». Больш развагаў пра Змрочнага Беларуса і ня толькі — у калёнцы Пукста на Kyky.org.

Бэнэфіс артыста адбудзецца 13 студзеня ў Менску (падрабязнасьці пра падзею). Сяргей Пукст — дужа цікавы і арыгінальны выканаўца, які працуе ў шырокім жанравым спэктры — ад нігілістычнага джазу да пост-шансону. Ён удзельнічаў у праектах, рэалізаваных пры ўдзеле Tuzin.fm — «Тузін. Перазагрузка», «Тузін. Немаўля», «Re:Песьняры», «Новае пакаленьне на Новы год». Яго альбом, запісаны з гуртом Pukstband быў прызнаны найлепшым альбомам году-2013 на ўзнагародах Experty.by.

Tuzin.fm