Вайцюшкевіч хуліганіць: «На чорныя сьпісы мы клалі пісю» (аўдыё)
Выканаўца выступіў у нечаканай ролі ў гасьцявым трэку для праекту Belaroots.
Зьміцер Вайцюшкевіч выканаў нумар, які па матывах песьні «Я нарадзіўся тут» напісаў удзельнік гурту Belaroots Ангст. Зь ім разам і запісаў. Твор увайшоў у альбом «Аднакарэнныя», рэліз якога адбыўся 13 студзеня 2017 году. Трэк «Тут» атрымаўся філязофскім і хуліганскім: «Тут нібыта сказалі наверсе, што я ў нейкім сьпісе, але на ўсе сьпісы стабільна мы клалі пісю…» — запальвае выканаўца, прадстаўлены як МС Зьміцер. Удзельнікі Belaroots кажуць, што для іх было вялікім гонарам папрацаваць разам з выканаўцам знакавай для іх пакаленьня песьні. Сам Зьміцер таксама цешыцца з новага досьведу.
У студзені Вайцюшкевіч выпраўляецца ў самы працяглы тур па Паўночнай Амэрыцы ды ўпершыню выступіць у Канадзе. Канцэрты беларускага выканаўцы адбудуцца ў Нью-Ёрку (28 і 30 студзеня), Нью-Джэрзі (29 студзеня), Вашынгтоне (1 і 2 лютага), Таронта (3 і 4 лютага), Атаве (5.02) і Сан-Францыска (10 і 11 лютага). 4 сакавіка гурт Зьмітра WZ-Orkiestra ў поўным складзе дае канцэрт разам з Уладзімерам Някляевым у Вільні. Гледачы зь Беларусі маюць магчымасьць атрымаць бясплатныя візы, каб трапіць на гэтае мерапрыемства.
Belaroots зьбіраецца прэзэнтаваць альбом «Аднакарэнныя» ў Менску пры ўдзеле Зьмітра Вайцюшкевіча. Цалкам гэты рэліз можна паслухаць на старонцы рэлізу на Tuzin.fm.
Tuzin.fm, загалоўнае фота Джона Кунстадтэра
КАМЕНТАВАЦЬ