Адноўленая дзейнасьць узламанай суполкі «Тузіна» ў сетцы «УКантакце»
1336 / 0
06.03.2017

Адноўленая дзейнасьць узламанай суполкі «Тузіна» ў сетцы «УКантакце»

Зламысьнікі завалодалі паролем доступу ды выдалілі ўвесь кантэнт з афіцыйнай суполкі парталу Tuzin.fm, каб прадаваць наркотыкі.

«Купить Мет СК скорость амфик кокс Москва МСК», — такі надпіс замест «Тузін Гітоў. Беларуская музыка» цягам сутак маглі бачыць чальцы нашай суполкі. 3 сакавіка ўвесь яе зьмест быў выдалены, а ўсе адміністратары страцілі магчымасьць ёю кіраваць, суполка пераўтварылася ў закрытую. Адразу пасьля зьяўленьня гэтага надпісу мы неадкладна зьвязаліся з тэхнічнай службай расейскай сацсеткі, але апэратыўна вырашыць праблему яна ня дала рады, на гэта спатрэбіліся ажно суткі (!). У суботу суполка была заблякаваная «за распаўсюд наркатычных рэчываў», у нядзелю былі вернутыя правы на яе кіраваньне.

«Першая эмоцыя, якая была пасьля ўзлому і павольнай рэакцыі на гэта тэхслужбы — спыніць усялякую дзейнасьць „УКантакце“, — кажа кіраўнік Tuzin.fm Сяргей Будкін. — Але вырашылі гэтага не рабіць, бо хоць сетка і расейская, хоць яна і надта ўразьлівая ў пляне бясьпекі ў параўнаньні з тым жа Facebook, там знаходзіцца наша аўдыторыя. І мы працягнем сваю справу дзеля тых чатырох тысячаў асобаў, якія падпісаліся на нашу суполку».

На гэтым тыдні праца «Тузіна Гітоў» у сетцы «УКантакце» будзе адноўлена. Заклікаем таксама падпісвацца на афіцыйныя суполкі «Тузіна» ў Facebook, Instagram, Twitter, Soundcloud і Youtube.

Tuzin.fm