Akute, Re1ikt, Вайцюшкевіч, «Стары Ольса» ня трапілі ў намінанты Experty.by (аўдыё)
Названыя 11 беларускіх музычных дыскаў 2016 году, якія прэтэндуюць на ўзнагароды Experty.by па галасах беларускіх і замежных музычных крытыкаў.
Усяго чатыры аўтары сайту адслухалі каля 150 выдадзеных у 2016 годзе беларускіх альбомаў. 29 зь іх яны палічылі вартымі ўвагі. Па традыцыі ў вызначэньні найлепшых узялі ўдзел таксама 15 іншых беларускіх крытыкаў і пяцёра замежных экспэртаў з суседніх краінаў. Шорт-ліст можа зьдзівіць прыхільнікаў айчыннай музыкі — у яго ня трапілі шэраг моцных альбомаў, у тым ліку ад ранейшых пераможцаў узнагародаў Akute, Re1ikt, Зьмітра Вайцюшкевіча, «Старога Ольсы», Сяргея Пукста. «Гэта найперш добры паказьнік канкурэнцыі. Узнагароды Experty.by атрымліваюць паводле якасьці альбому па меркаваньні журналістаў, а не паводле вядомасьці выканаўцы, — патлумачыў парталу Tuzin.fm кіраўнік Experty.by Зьміцер Безкаравайны. — Па-другое, хачу зьвярнуць увагу, што сьпіс намінантаў — гэта ня топ-11 найлепшых альбомаў году, а менавіта абагульнены сьпіс прэтэндэнтаў у розных намінацыях. Ад „Найлепшага дэбютнага альбома“ да „Альбома году“. Мы так робім, каб прыцягнуць увагу да ўсіх намінантаў, а ня толькі да лідэраў па колькасьці намінацыяў».
Такім чынам сёлетні сьпіс намінантаў выглядае так (у альфабэтным парадку, у дужках — назва альбому): «Восьмыдзень» («Жнівень»), Лявон Вольскі («Псыхасаматыка»), Макс Корж («Малый повзрослел, ч.1»), «Петля пристрастия» («Мода и облака»), Ayva («Точно»), Ilo&Friends («Кола»), Iowa («Import»), Mustelide («Spi»), Nebulae Come Sweet («It’s Not the Night That Covers You»), Shuma («Сонца»), Witness Temple («Suckcessful»).
Пераможцаў у 11 намінацыях абвесьцяць на цырымоніі, якая адбудзецца 22 сакавіка пры падтрымцы праекту Maksivision.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ