7111 / 0
02.01.2014

Рэканструявалі песьні беларускіх нацыяналістаў

Праект «Беларус на варце» прадставіў другую частку песень беларускіх нацыяналістаў часоў Другой сусьветнай вайны. Песьні выкананыя акапэла згодна з арыгінальнымі нотамі і тэкстамі.

У падборку рэканструяваных сьпеваў увайшлі песьні, створаныя ў першай палове 40-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Большасьць зь іх былі напісаныя ў межах дзейнасьці Саюзу беларускай моладзі — патрыятычнай арганізацыі, створанай ў Беларусі з дазволу нямецкіх акупантаў. У першую частку ўвайшлі песьні «Наша мэта — шчасьце» (на верш Натальлі Арсеньневай), гімн СБМ «Беларусь перадусім», сьпеў наймалодшых сяброў СБМ «Марш арлянятаў» ды іншыя творы.

Другая частка праекту «Песьні беларускіх нацыяналістаў» была апублікавана 31 сьнежня 2013 году. У яе ўвайшлі як добравядомыя творы, як «У гушчарах» той жа Арсеньневай, так і забытыя кампазыцыі, як песьня Першага беларускага штурмавога зьвязу «Чутны гоман».  «Можна па-рознаму ставіцца да беларускіх антысавецкіх сілаў ваеннага часу, але немагчыма ігнараваць саму зьяву і ейную масавасьць. Песьні СБМ, беларускай паліцыі, БКА ― гэта значная частка нашага агульнага досьведу народабудаўніцтва», — кажуць стваральнікі праекту «Беларус на варце».

Пазнаёміцца з рэканструяванымі песьнямі беларускіх нацыяналістаў можна тут. Выканаўцы папярэджваюць, што яны не прафэсійныя сьпевакі, таму творы гэтыя зьяўляюцца хутчэй мэтадычным матэрыялам.

Tuzin.fm