2429 / 0
22.04.2014

Zatoczka адмаўляецца ад духавых і кажа пра немагчымасьць выступаць легальна (аўдыё)

Лідэр магілёўскай ска-панк каманды Макс Астравухаў зрабіў некалькі заяваў.

«З прычыны абставінаў, што склаліся, мы ня можам выступаць на фэстах і большасьці клюбных салянак. Толькі прыватныя і закрытыя мерапрыемствы», — вядзецца ў паведамленьні гурту Zatoczka. Лідэр каманды Макс Астравухаў пракамэнтаваў гэтую заяву Tuzin.fm. Паводле яго словаў, у Беларусі гурт практычна пазбаўлены магчымасьці даваць легальныя канцэрты — з аднаго боку, самі музыкі сталі больш пераборлівымі, зь іншага — больш пільнымі сталі ідэолягі. «Цяпер мы глядзiм на сьпiс выступоўцаў. Калі там трапляюцца правыя альбо антыфа-гурты, то iмпрэзу пасылаем. Па-другое, нам адмаўляюць у выступах у зьвязку з нашай публiкай і тэкстамi. Напрыклад, апошняе фан-пацi адмовілася прымаць шэраг клюбаў сталіцы. Бо выбары ды чэмпіянат сьвету па хакеі», — кажа музыка.

Макс таксама заявіў, што Zatoczka пазбавілася духавых інструмэнтаў, якія былі яскравай адметнасьцю гурту і гучалі ў такіх песьнях як «Хуліганы», «Хакей», «Слова» ды іншых. Прычына — «сквапнасьць гаспадароў медных інструмэнтаў ды параўнаньні з адной вядомай левацкай групай, якая па прыколе грае ў „змагароў“». Лідэр Zatoczka удакладняе, што тут маецца на ўвазе «Ляпіс Трубяцкі»: «Ня веру я ім. Калі раптам Міхалка хапнуць за яйцы, то тут жа скажа, што гэта ўсё было з прыколу».

Цяпер Zatoczka дапрацоўвае новы беларускамоўны сынгл, у якім якраз прадэманструе сваё новае гучаньне. Плён сваёй працы музыкі пакажуць наведнікам Tuzin.fm у самы бліжэйшы час.

Tuzin.fm

Тэгi: