«Вечныя вершы» пра крывавую пляму беларускай гсіторыі
1525 / 0
30.10.2020

«Вечныя вершы» пра крывавую пляму беларускай гсіторыі

«Арт Сядзіба» і KROK FILMS стварылі відэа-праект «Вечныя вершы», у якім нагадваюць пра падзею, што засталася крывавай плямай у гісторыі Беларусі.

Вершы трох рэпрэсаваных паэтаў – Алеся Дудара, Зямы Піваварава, Тодара Кляшторнага чытаюць Ганна Севярынец, Віталь Рыжкоў, Уладзь Лянкевіч.


Алесь Дудар – «калючы, але пры гэтым нязмушаны, вясёлы чалавек, якога немагчыма было прынізіць». Алесь – адлічаны за творчасць студэнт БДУ, якога пасля расстралялі за вершы – так можна коратка апісаць яго жыццё. Усяго напрацягу чатырох гадоў ён выдаў пяць зборнікаў вершаў і дзве паэмы, пераклаў на беларускую мову сусветнавядомыя творы: «Анегіна», «Фаўста», «Жаніцьбу Фігара» і шмат яшчэ.

Зяма Півавараў – «качагар, які стаў паэтам, за што і страціў жыццё». Зяма – для яго творчасць пачалася з БДПУ (тады гэта быў Вышэйшы педагагічны інстытут). У дваццаць чатыры гады ён скончыў універсітэт, працаваў у «Чырвонай змене», друкаваўся ў ленінградскіх часопісах і альманахах, аўтар зборніка вершаў «Лірыка двух нараджэнняў», быў вядомым тэатральным і кінакрытыкам.

Тодар Кляшторны – «з капной густых, саламяна-светлых валасоў на галаве, з блакітнымі, пад колер васількоў, вачыма, ён быў заўсёды неяк па-асабліваму сумны, нейкім смуткам веяла ад яго. Каля ягоных тонкіх бледных губ рана леглі складкі горычы. Ён рэдка смяяўся, і ягоная ўсмешка таксама была заўсёды сумнай». Тодар – пісьменнік, які мог прынесці ў беларускую паэзію сотні песімістычна-рамантычных вершаў, якімі б мы зачытваліся дагэтуль. Калі б яго не расстралялі. Нават за свае трыццаць чатыры гады паспеў выдаць чатыры зборнікі вершаў, безліч паэмаў і апавяданняў.

«Сотні сэрцаў перасталі біцца ў адну ноч. Сотні мараў не спраўдзіліся. Адна вера і надзея на ўсіх жыве і будзе жыць – вольная шчаслівая Беларусь,» - кажуць стваральнікі праекта «Вечныя вершы».