Песня Fleur гучыць па-беларуску
«Для таго, хто умеў верыць» — у падтрымку беларускіх сяброў украінскія музыкі запісалі песню.
Украінская спявачка Алена Вайняроўская (адна з вакалістак гурта Fleur) і The Клюквінs заспявалі песню «Для таго, хто умеў верыць» па-беларуску.
Пераклад зрабіў Аляксандр Каралёў.
Алена Вайняроўская і The Клюквінs — Верыць (словы Алены Вайнароўскай, пераклад Аляксандра Каралёва)
Поруч з пахам спалёных сонцам палёў
Птушкай цёмнаю ў сэрца восень зноў уваходзіць,
Ты пляцеш свой вянок са стужак жалобных,
З красак-кветак абвялых, каласоў учарнелых...
Ды хто ведае, чым павярнуцца
Халады ды страты
Для таго, хто ўмеў верыць?..
І хто ўведаў, калі над вадою
Узыдзе зорны блакіт
Для таго, хто ўмеў чакаць?..
Ты не можаш ісці, табе дыхаць балюча,
Заміж сэрца – крывавіць незагойная рана,
Але ўсё-ткі ты робіш яшчэ адзін крок
Між палыну й цярноў да нябёсаў жаданых…
І аднойчы прачнуцца анёлы,
І адчыняцца дзверы
Для таго, хто ўмеў верыць…
Непагодным студзеньскім ранкам
Закрасуе ў гарах мігдал
Для таго, хто ўмеў чакаць…
Да зямлі верас хіліцца, і счарнеў далягляд,
І аблокі цяжэюць, і святла ўсё меней,
Ты сядзіш на пагорку – нерухома, бязмоўна,
Бо даўно ўсё сказана і даўно дапяяна…
Але ведаю, знойдзецца ключ
І расчыняцца дзверы
Для таго, хто ўмеў верыць…
І над цёмнымі водамі змроку
Узыдзе зорны блакіт
Для таго, хто ўмеў чакаць…
КАМЕНТАВАЦЬ