3087 / 0
18.03.2014

Стас Пачобут у Піцеры: «Усе антыўтопіі разам увасобіліся ў жыцьцё» (відэа канцэрту)

Лідэр культавай беларускай панк-каманды Deviation даў акустычны канцэрт у піцерскім клюбе «Oldscool Bar».

Канцэрт Стаса Пачобута ў Пецярбургу адбыўся 16 сакавіка і доўжыўся блізу паўгадзіны. На пачатку выступу музыка зьвярнуўся да публікі зь невялікай прамовай: «У апошні тыдзень мы маглі назіраць, як усе антыўтопіі разам увасобіліся ў жыцьцё. Можна было пабачыць прыўкрасную імпэрскую прапаганду дзяржавы, якая карысталася ўсімі магчымасьцямі ад адміністрацыйнага рэсурсу і сканчваючы звычайнай хлусьнёй». Лідэр Deviation сыграў зборную праграму з старых і новых песень, прагучалі «Будучым ворагам дзяржавы», «Пяшчота», «Вясна», «Камень-бюлетэнь» ды іншыя.

«Я пагадзіўся зайграць на просьбу кампаньерас з анархічнага руху. Апошнім часам раблю паўнавартасную акустычную праграму. Быў вельмі зьдзіўлены калі перад і пасьля канцэрту падыходзілі людзі і казалі што прыйшлі спэцыяльна паслухаць мяне», — распавёў Tuzin.fm Стас Пачобут.

Апошнім часам беларускі музыка жывае ў Піцеры. Ён падкрэсьлівае, што ня лічыць сябе эмігрантам, а зьехаў з Горадні ў пошуках працы. Такім чынам, дзейнасьць гурта Deviation прыпынілася, хоць кропку ў гісторыі каманды Пачобут ня ставіць. «Пакуль ня ясна, але дакладна, што ў Піцеры новы склад гурта я зьбіраць ня буду», — заявіў музыка.

Tuzin.fm