Experty.by абнавілі рэглямэнт (поўны сьпіс намінацыяў прэміі)
2147 / 0
29.01.2014

Experty.by абнавілі рэглямэнт (поўны сьпіс намінацыяў прэміі)

Абвешчаны сьпіс намінацыяў штогадовай музычнай прэміі Experty.by. У рэглямэнце ёсьць шэраг новаўвядзеньняў.

Сёлета пераможцаў прэміі назавуць у 11 намінацыях. Да стылістычных намінацыяў («Поп-альбом году», «Рок-альбом году», «Фольк-альбом году») дадаецца «Найлепшы інструмэнтальны альбом». Адзін з аўтараў праекту Зьміцер Падбярэзскі кажа, што новаўвядзеньне прадыктавана тым, што апошнім часам стала заўважна больш падобнай музыкі, як жывой, так і электроннай. Таксама будуць названыя пераможцы ў намінацыях «Дэбют году», «Беларускамоўны альбом году», а таксама «Прыз штатных экспэртаў», «Прыз вялікага журы» і «Прыз замежных экспэртаў».

Ад гэтага году галоўнай узнагародай прэміі будзе лічыцца «Альбом году» (раней такога сваеасаблівага Гран-Пры не было). Кіраўнік праекту Зьміцер Безкаравайны перакананы, што больш аб’ектыўна ўручаць «Альбом году» з улікам розных пунктаў гледжаньня. Як і шэраг іншых намінацыяў: «Дагэтуль пераможцаў ў стылістычных намінацыях , а таксама найлепшы беларускамоўны і дэбютны альбомы вызначалі штатныя экспэрты. Цяпер гэтыя намінацыі і „Альбом году“ будуць уручацца па галасах чатырох вэрсіяў журы: 6 штатных аўтараў, 16 прадстаўнікоў вялікага журы, 5 замежных экспэртаў, а таксама з улікам меркаваньня народных экспэртаў».

Музычная прэмія Experty.by па выніках 2013 году мае прайсьці пры канцы лютага ў Менску пры падтрымцы інтэрнэт-правайдэра «Атлант Тэлекам». 

Прэмія Experty.by існуе з 2009 году. Дзьве з чатырох галоўных узнагародаў на мінулай цырымоніі (за 2012 год) атрымаў гурт «Серебряная свадьба» за альбом «Laterna Magica». У 2011-м па-за канкурэнцыяй была «Троіца» з альбомам «Зімачка», у 2010 — «Дзецідзяцей» з альбомам «Рух», у 2009 — The Toobes з альбомам «Hello».

Tuzin.fm, фота Аляксандра «Tarantino» Ждановіча

Тэгi: