Беларускі сьпеў пра Майдан стаў гітом у Youtube (відэа)
Песьня «Майдан» у выкананьні Пятра Клюева выклікала вялікі розгалас.
Пятро Клюеў стаў першым беларускім выканаўцам, які адгукнуўся на падзеі ў суседняй Украіне песьняю. Зрэшты, сам музыка ня ставіў мэты ані здабыць сабе такім чынам славы, ані прапіярыцца на гэтай тэматыцы. Пятро тлумачыць, што такім чынам хацеў паказаць сваю неабыякавасьць, бо яму баліць за тое, што адбываецца ў Кіеве ды іншых украінскіх гарадах і за тых людзей, якія пацярпелі і загінулі.
Аўтарская кампазыцыя «Майдан» у выкананьні Пятра Клюева прэзэнтавана ў сеціве на пачатку лютага. Ролік з фотаздымкамі з Кіеву ягонага сябры Франака Вячоркі на Youtube за тры дні набраў пад 11 000 праглядаў.
Пятро пачынаў кар’еру як клясычны піяніст, амаль 10 гадоў таму. Падчас вучобы ў Эўропе вырашыў заняцца эстраднай музыкай. У Аўстрыі заснаваў гурт «Кіфа». Потым выступаў сольна пад псэўданімам Пётар Гарадзенскі, а таксама з гуртом Stop Time. Першы яго альбом «For All Friends» выйшаў у 2008 годзе, другі — беларускамоўны «Што такое быць чалавекам» у 2011-м. Пётар актыўна канцэртуе — ён даў больш за тры сотні канцэртаў па ўсёй Эўропе.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ