2073 / 0
04.03.2014

Зьняць кліп за тры дні (трэнінг і конкурс!)

14—16 сакавіка ў Менску адбудзецца трэнінг «Кліп за тры дні», у межах якога група ўдзельнікаў здыме музычны кліп. Мэта — выявіць новае пакаленьне беларускіх кліпмэйкераў.

Трэнінг праводзіць Андрэй Палупанаў, беларускі рэжысэр і заснавальнік Менскай кінашколы-студыі. Паводле задумы, цягам уік-энду шляхам мазгавога штурму будзе прыдумана канцэпцыя, праведзеныя здымкі і мантаж паўнавартаснага кліпу. Беларускія гурты могуць даслаць свае кампазыцыі на адрас arxeusfilm@gmail.com для гэтага творчага экспэрымэнту (ня больш за 4 хвіліны). Для гэтага трэба запоўніць анкету. Удзельнікі трэнінгу абяруць самую ўдалую на іх погляд кампазыцыю ды здымуць на яе кліп.

«Няма сумневу, што кожны выканаўца мае патрэбу ў візуальным прома. Найлепш — у выглядзе музычнага кліпу. Але школа беларускага кліпмэйкерства як такая адсутнічае, і гэта адна з прычынаў, якая натхніла мяне на гэты праект», — тлумачыць Tuzin.fm вядучы трэнінгу Андрэй Палупанаў. На яго думку, беларусы мусяць выпрацаваць свой кліп-стыль, але для гэтага трэба рабіць як мага болей сьмелых ды экспэрымэнтальных працаў.

Кожны ахвочы можа спрычыніцца да выпрацоўкі беларускага падыходу да здымак музычнага відэа. Андрэй кажа, што для ўдзелу ў трэнінгу ня трэба мець нейкія спэцыяльныя веды, дастаткова сьмеласьці ды жаданьня зрабіць уласны прадукт. Падрабязьней дазнацца пра трэнінг ды запісацца на яго можна тут. Наведнікі Tuzin.fm маюць адмысловую зьніжку ў 20% на аплату кошту навучаньня (кодавае слова: «Тузін»).

Падобныя трэнінгі працягнуцца надалей. Мяркуецца падоўжыць і тэрміны працы над канчатковым прадуктам. Яго арганізатары мяркуюць, што сэмінар «Кліп за тры дні», а таксама наступны «Кліп за шэсьць дзён», выявіць новае пакаленьне таленавітых беларускіх кліпмэйкераў.

Tuzin.fm