1888 / 0
10.03.2014

«Ляпіс Трубяцкі» заплянаваў эўрапейскую прэм’еру «Матрёшки» ў Празе (відэа)

Для жывой прэзэнтацыі беларускі гурт абраў самы вялікі клюб у Чэхіі.

Канцэрт 13 красавіка ў праскім «Sasazu», клюбе, што зьмяшчае ля 2500 чалавек будзе першым паўнавартасным выступам «Ляпісаў» з новай праграмай «Матрёшка» ў Эўропе. Музыкі абяцаюць вялікую дзьвюхгадзінную праграму з новымі відэаінсталяцыямі ды канцэртнымі аранжыроўкамі вядомых і новых песень. Чакаецца, што на гэты канцэрт прыедзе нямала прыхільнікаў «Ляпісаў» з Украіны і Беларусі. Квіток на праскі канцэрт Міхалка і кампаніі каштуе 310 000 руб., да ўсяго ладзіцца адмысловы бас-тур на канцэрт.

Тур у падтрымку «Матрёшки» гурт пачаў 1 сакавіка ў Варонежы. Квіткі практычна на ўсе канцэрты раскупаюцца загадзя. Дзеля гэтага, напрыклад, у Смаленску давялося мяняць месца выступу — з залі на 1000 месцаў «Ляпісаў» перанесьлі ў мясцовы Лядовы палац на 2300 месцаў. Пад пытаньнем канцэрт у Пскове 14 сакавіка, які патрабуюць забараніць мясцовыя камуністы.

Tuzin.fm

«Ляпіс Трубяцкі» выконвае «Грай» на першым канцэрце з туру «Матрёшка» ў Варонежы, 1.03.2014 (аматарскае відэа)