Паліна Рэспубліка ў «Камсамолцы»: «Я неяк зьдзівілася, што існуе мова не з падручнікаў»
2871 / 0
26.03.2014

Паліна Рэспубліка ў «Камсамолцы»: «Я неяк зьдзівілася, што існуе мова не з падручнікаў»

19-гадовая сьпявачка дала вялікае інтэрвію беларускаму выданьню «Комсомольской правды».

У размове зь Сяргеем Маліноўскім Паліна распавяла пра сваю сям’ю, якая вельмі творчая: цёця грае на цымбалах, маці на фартэпіяна, бабуля сьпявае ў народным хоры. Ёсьць у яе і малады чалавек, які старэйшы на пяць гадоў. Паліна кажа, што ён раўнуе, ходзіць на ўсе яе канцэрты, а таму ў яго прысутнасьці ня надта «напрыхільнічаесься».

Любоў да беларускай мовы ў Паліны пачалася ў школе. Калі ёй было 13, то трапіла на канцэрт N.R.M. ды ўразілася, што існуе іншая беларуская мова — не з падручнікаў, а жывая, на якой людзі міжсобку стасуюцца.

Што да вялікага сольнага канцэрту 8 красавіка ў «Мулен Руж», то сьпявачка трохі прыадкрыла яго задуму: першая частка яе выступу будзе акустычнай, другая — электрычнай. Дарэчы, практычна ўсе квіткі на танцпляц на выступ Паліны ўжо прададзеныя, ня так шмат застаецца месцаў за столікамі.

Цалкам інтэрвію можна пачытаць у сьвежым нумары «Комсомольской правды в Беларуси» за 26.03.2014, а таксама ў інтэрнэт-вэрсіі.

Tuzin.fm, фота Юлія Паляшчук, «КП у Беларусі»