Віталь Рыжкоў пракансультуе беларускіх музыкаў (відэа)
Паэт Віталь Рыжкоў запісаў зварот да беларускіх музыкаў, у якім патлумачыў у чым прывабнасьць нашай паэзіі.
«Сучасная паэзія сымпатычная сваёй разнастайнасьцю. Тут можна адшукаць усё — і звар’яцелых вэрлібрыстаў, сымпатычных мадэрністаў альбо традыцыяналістаў. Можна падабраць, пераасэнсаваць і папрацаваць так, каб з гэтага атрымаўся ўжо новы твор», — заявіў Віталь ды заклікаў усіх ахвотных музыкаў узяць удзел у конкурсе «Засьпявай.BY», галоўны прыз якога — аранжыроўка, запіс і зьвядзеньне песьні ўкраінскім саўндпрадусарам Уладам Яруном («Океан Ельзи», «Ляпіс Трубяцкі»).
Віталь да ўсяго пагадзіўся стаць на час прыёму заяваў літаратурным кансультантам для ўдзельнікаў праекту. Ён ужо супрацоўнічаў з музыкамі ў якасьці аўтара, суаўтара, перакладчыка («Глюкі», Zatoczka, «Пані Хіда», Ганна Хітрык ды іншыя). Рыжкоў параіць і падбярэ ахвотным музыкам той ці іншы верш. Зьвяртацца можна праз афіцыйныя суполкі «Засьпявай.BY» УКантакце і ў Facebook.
Віталь Рыжкоў — адзін з самых таленавітых паэтаў новага пакаленьня. Быў фіналістам конкурсаў да 100-годзьдзя газэты «Наша Ніва» (2007), імя Карласа Шэрмана (2009), уладальнік прэміі часопісу «Дзеяслоў» (2008) і «Дэбют» імя Максіма Багдановіча (2011). Зь яго паэзіяй можна пазнаёміцца тут.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ