
«Шэрага кардынала» беларускага року прызначылі ў намесьнікі міністра
Намесьнікам міністра культуры прызначаная Ірына Дрыга — асоба, якая можа быць датычная да «чорных сьпісаў».
Ірына Дрыга доўгі час працавала ў Адміністрацыі прэзыдэнта, дзе адказвала за ідэалягічныя моманты. Па зьвестках Tuzin.fm гэтая чыноўніца якраз курыравала культуру і мела дачыненьне да стварэньня «чорных сьпісаў» і забаронаў канцэртаў беларускіх музыкаў, як у 2004, так і ў 2010 годзе. Сама яна — асоба непублічная і ад камэнтароў ды інтэрвію адмаўляецца. Кажуць, што яна люта ненавідзіць творчасьць шэрагу беларускамоўных музыкаў, у прыватнасьці Зьмітра Вайцюшкевіча, на канцэрты якога, зноў жа па неафіцыйнай інфармацыі, асабіста накладала забарону. Сам сьпявак у камэнтары для «Тузіна Гітоў» зазначыў пасьля таго, як быў сарваны чарговы ягоны сольны выступ на 8 сакавіка 2012 году: «Cумна мне, так хацела спадзявацца, што надыйдзе адліга, а тут перашкаджае нейкая Ірына Дрыга… Давядзецца прыняць за дадзенасьць і далей сядзець у падпольлі, ды пакрысе рабіць падкоп зьнізу».
Цяпер Ірыну Дрыгу па прызначэньні кіраўніка дзяржавы перамясьцілі з пасады начальніка ўпраўленьня сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта РБ на пасаду першай намесьніцы міністра культуры, замест Уладзімера Карачэўскага. Як лічыць палітычны аглядальнік, намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Наша Ніва» Зьміцер Панкавец гэта можна разглядаць як паніжэньне, хоць цяперашняя пасада і гучыць больш прывабна і прадстаўніча: «Міністэрства культуры ня з самых багатых і ўплывовых ведамстваў нашай краіны. Уплываць на хаду падзеяў з Адміністрацыі прэзыдэнта, хай і ня з самай заўважнай пасады, значна прасьцей, чым іншаму чалавеку зь Міністэрства культуры. Прыкра, што ў Міністэрства прызначаюць чалавека, які запляміўся гісторыямі з забаронамі альтэрнатыўных творцаў».
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ