Hurma на OНТ: «Гэта жарт, а не пратэст» (відэа)
Музыкі з гурту Hurma памяняліся інструмэнтамі падчас выступу на тэлеканале ОНТ.
На час выступу ў тэлеперадачы «Брэйн-рынг» музыкі з гурту Hurma памяніліся ролямі. Месца вакаліста заняў бубнач Андрэй Хазяеў, а лідэр каманды Мікіта Найдзёнаў адышоў на бэк-вакал. На тэлездымках як правіла патрабуюць граць пад фанаграму, таму частка рок-музыкаў адмаўляецца ад удзелу ў іх. Hurma ж вырашыла з гэтай сытуацыі падкпіць. «Паколькі мы апынуліся ў такіх умовах і нас яшчэ ня надта ведаюць, то надумалі прыкальнуцца ды памяняцца інструмэнтамі. Гэта не пратэст, а бяскрыўдны жарт», — заявіў у камэнтары для Tuzin.fm Мікіта Найдзёнаў.
На сваіх канцэртах Hurma грае выключна ўжывую. Цяпер музыкі рыхтуюцца да сольнага выступу ў клюбе «Піраты» 28 траўня, на якім прэзэнтуюць свой новы сынгл «Птушка». У імпрэзе таксама возьме ўдзел сьпявачка Pauline, пераможца аўдыёчарту на Tuzin.fm.
Tuzin.fm
На «Брэйн-рынгу» Hurma выканалі песьню «Шукай», прызнаную «Найлепшым беларускамоўным гітом — 2013» па вэрсіі тэлеканалу ОНТ. Летась гурт таксама атрымаў узнагароду «Дэбют году» ад парталу Tuzin.fm.
КАМЕНТАВАЦЬ