Міністар культуры Беларусі сустрэўся з кіраўніком Tuzin.fm
7 траўня ў Міністэрстве культуры Барыс Сьвятлоў правёў сустрэчу зь Сяргеям Будкіным.
Размова тычылася найперш праекту «Re:Песьняры», які рыхтуецца да 45-годзьдзя беларускага ансамблю. Кіраўнік праекту, галоўны рэдактар Tuzin.fm Сяргей Будкін цікавіўся імавернымі палёгкамі ў працэсе яго рэалізацыі, а таксама магчымасьцю спрыяньня Міністэрства ў справе правядзеньня канцэрту-прэзэнтацыі, заплянаванага на 12 верасьня з удзелам такіх выканаўцаў, як Akute, Tonqixod, Naka, Зьміцер Вайцюшкевіч ды іншых. Справа ў тым, што галоўнае ўпраўленьне ідэалёгіі і культуры Менгарвыканкаму ўсяляк зацягвае рашэнне аб выдачы гастрольнага пасьведчаньня на гэта мерапрыемства. Заява была пададзеная 16 красавіка, але дазвол так пакуль не атрыманы.
Міністру культуры таксама былі прыведзены прыклады адмовы ў выдачы гастрольных пасьведчаньняў на канцэрты беларускіх выканаўцаў з цалкам надуманых прычынаў. У прыватнасьці, апошняя сытуацыя, што склалася з прэзэнтацыяй новага альбому гурта Amaroka.
«Размова праходзіла ў прыязнай атмасфэры. Барыс Уладзімеравіч станоўча паставіўся да ідэі праекту „Re:Песьняры“, уважліва выслухаў усе факты і здагадкі адносна асаблівасьцяў арганізацыі канцэртаў беларускіх выканаўцаў у нашай краіне, з удзячнасьцю прыняў дыскі нашых ранейшых праектаў „Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2“ і „Тузін.Немаўля“. Хочацца спадзявацца, што гэтая размова будзе мець канкрэтны плён, і адказныя асобы ў дзяржаўных структурах надалей будуць калі не спрыяць, то хаця б не перашкаджаць рэалізацыі творчых ініцыятываў, што накіраваныя на падтрымку і разьвіцьцё беларускай культуры», — зазначыў пасьля сустрэчы Сяргей Будкін.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ