Беларускі фэст «Дружба» рэклямуецца па-расейску (лайн-ап)
Арганізатары оўпэн-эйру «Дружба» патлумачылі Tuzin.fm канцэпцыю фэсту.
«Друзья! Этим летом вас ожидает захватывающее погружение в настоящий фестивальный мир!», — гэткім чынам арганізатары запрашаюць гледачоў на новы беларускі оўпэн-эйр, які пройдзе 1 і 2 жніўня на хутары Шаблі. Інфармацыю па СМІ рассылае вядомы беларускі прадусар Віталь Супрановіч. Віталь пацьвярджае, што прома фэсту пакуль робіцца толькі на расейскай мове, такое агульнае рашэньне ўсіх, хто ладзіць мерапрыемства.
«Мы вырашылі скарыстаць расейскую мову, бо гэтага вымагала канцэпцыя, — тлумачыць Аляксандар Касач з агенцтва JetSounds, суарганізатар фэсту. — „Сяброўствам“ назваць фэст было б не зусім карэктна, бо тут „Дружба“ выкарыстоўваецца як брэнд з пэўнымі каштоўнасьцямі. Канцэпцыя фэсту ў тым, каб сабраць людзей і стварыць атмасфэру ўсеагульнага шчасьця». Яго партнэр па агенцтве Аляксандар Шугаеў, які выпрацоўваў гэтую самую канцэпцыю, прызнаецца, што пытаньне мовы прома-кампаніі фэсту прынцыпова не разглядалася. І ўсё яшчэ наперадзе: «Магу сказаць адназначна, што матэрыялы пра фэстываль будуць зьяўляцца і па-беларуску, усё залежыць ад рэсурсу, на якім мы робім прома». Праўда, Аляксандар дадаў, што на афішах фэсту будзе толькі адно слова па-беларуску —– «Шаблі», хутар за 80 км ад Менску, дзе пройдзе «Дружба».
Лайн-ап фэсту ўжо абвешчаны. 1 жніўня выступяць :B:N:, Akute, «Без Билета», «Animal ДжаZ», «Серебряная свадьба», «Ногу свело». 2 жніўня на сцэну «Дружбы» выйдуць Navi, «Кассиопея», Sounduk, Botanic Project, «Петля пристрастия», The Toobes, Сяргей Бабкін, Дэльфін. Уваходны квіток на 2 дні каштуе 500 000 руб.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ