R.I.P. Ігар Канановіч (1983—2016)
Сёньня разьвітваюцца з паэтам і музыкам Ігарам Канановіч, які пайшоў з жыцьця 19 чэрвеня.
Сьмерць паэта дзіўная і шакуючая. Ён зваліўся з даху проста ў цэнтры Менску, ля станцыі мэтро «Кастрычніцкая». Што здарылася дакладна пакуль невядома. Адна з вэрсіяў, якая разглядаецца — самагубства. У сваім статусе ў сацсетцы Ігар напісаў: «Жыві, калі варта жыць, і памры, калі варта памерці». Аднак, ягоная сяброўка сьведчыць, што ён тэлефанаваў за хвілін 20 да трагедыі, быў вясёлым і бадзёрым. Ведаем таксама, што Ігар зьбіраўся на канцэрт фіналістаў «Засьпявай 3.0» у гэтую пятніцу, дзе павінна была адбыцца прэм’ера песьні на ягоны верш «Астэроід» у выкананьні Станіслава Чахоўскага. Паэт цешыўся з таго, што ягоны верш стаў падставай для стварэньня кампазыцыі з джазавым прысмакам — такую музыку ён шанаваў. Дарэчы, на конкурс была дасланая яшчэ адна кампазыцыя на ягоны верш — «Ну а пакуль» гурту Sun Beat.
Ігар і сам любіў сьпяваць. Захаваліся некалькі ягоных аўтарскіх песень, запісаных проста пад акустычную гітару. Ён быў выдатным паэтам. Летась быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Ягоны зборнік «Астэроід» (2015) намінаваўся на прэмію імя Максіма Багдановіча «Дэбют». Ён яшчэ шмат чаго мог зрабіць…
Tuzin.fm выказвае спачуваньні родным і блізкім паэта.
Tuzin.fm
Віталь Рыжкоў
Ігару Канановічу
____
уніз, у нязлад, дзе святла
не бачна праз гарызонт,
бярэ пачатак пчала
з вулею зор.
сюды, дзе бабы спрадвек
ставяць мёд уначы,
і знічка ў паветры раве
воскавае свячы,
каб болей было з зямлі,
каб дзіцятка хоць адно,
каб з рогу ў карону ліць
збожжа й віно.
з громам ляціць пчала
ў свае залатыя палі,
каб нават краем крыла
не дакрануцца зямлі.
*
сюды, дзе паміж крыжамі
сцежак няма амаль.
і цела паэта - джала,
зламанае аб асфальт.
КАМЕНТАВАЦЬ