Гэнпрадусар ОНТ: «Беларускі рок варты ўвагі»
Гурт Akute возьме ўдзел у праекце тэлеканалу ОНТ «Вечары ў Мірскім замку».
Як паведаміў Tuzin.fm гэнеральны прадусар тэлеканалу ОНТ Сяргей Хоміч, у канцэрце «Жывы рок» 22 чэрвеня заплянаваны выступ 5—6 беларускіх гуртоў. Дамовіліся ўжо з Akute, а таксама з The Toobes і «Дай дарогу!». Канчатковы склад выступоўцаў будзе сфармаваны ў самы бліжэйшы час.
«Мы праводзім такія канцэрты ня першы год. Тым самым хочам паказаць інтэлектуальную разумную музыку, якая павінна прысутнічаць і на ТВ. Беларускія рок-выканаўцы знаходзяцца на вельмі высокім узроўні, выглядаюць можа нават больш арыгінальна і прафэсійна, чым прадстаўнікі поп-музыкі», — зазначыў адзін з кіраўнікоў ОНТ.
«Нас клічуць ня першы раз, але ніяк не выпадала раней сыграць, бо гэты канцэрт перасякаўся зь іншымі выступамі. А сёлета пагадзіліся, тым больш што кампанія гэтым разам зусім ня штучна выглядае», — пракамэнтаваў Tuzin.fm удзел у тэлешоў Раман Жыгараў з Akute.
Квіткі на канцэрт «Жывы рок» ля Мірскага замку ўжо зьявіліся ў продажы. Будзе зьнятая тэлевэрсія канцэрту, якую плянуецца паказаць пры канцы чэрвеня.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ